Беларуская зборная – у віры скандальнай Паралімпіяды

video

Напярэдадні Дня беларускай вайсковай славы і ўгодак Аршанскай бітвы, калі нашыя продкі на галаву разбілі маскавітаў на рэчцы Крапіўна, у Рыа-дэ-Жанэйра над камандаю беларускіх паралімпійцаў апроч дзяржаўнага залунаў расейскі сцяг. Дырэктар Цэнтру рыхтавання лёгкаатлетаў Андрэй Фомачкін пранёс чужы штандар некалькі дзясяткаў метраў, перш чым яго забралі.

Інцыдэнт з усходнім трыкалорам наспяваў даўно – яшчэ з абяцанняў беларускіх чыноўнікаў узняць расейскі сцяг на знак салідарнасці з суседзямі, не дапушчанымі да спаборніцтваў праз допінгавы скандал.

«Увесь час ідзе ціск на шкадаванне: маўляў, інваліды ж… Інваліды інвалідамі, аднак у Расеі ёсць свае чыноўнікі якія павінны былі займацца гэтым раней: дамаўляцца з МАК-ам, шукаць шляхі выйсця з МПК. Калі яны не далі рады – чаму беларусы павінны ў гэта ўмешвацца?», – мяркуе Сяргей Южык, спартовы аглядальнік газеты «Прессбол».

Расейскі сцяг – пазіцыя кіраўніка Беларусі

Міжнародны паралімпійскі камітэт рэзка асудзіў інцыдэнт і пазбавіў прарасейскага «сцяганосца» акрэдытацыі, а таксама накіраваў у Нацыянальны паралімпійскі камітэт нашай краіны зварот аб непрымальнасці палітычных пратэстаў на Паралімпійскіх гульнях. Тым часам беларускі афіцыйны бок акцыю, наадварот, ухваліў – ад Міністэрства спорту да Адміністрацыі прэзідэнта. А ўжо гэткая рэакцыя – што, як ні ўскоснае сведчанне, што Фомачкін папросту выконваў чыйсьці загад?

«А вось здагадайцеся самыя, хто можа даць гэткую каманду, гледзячы па тым шквале ўхвальных заяваў міністэрстваў, адміністрацыяў і г.д. – відаць, гэта было рашэнне на самым высокім узроўні», – упэўнены Сяргей Шчурко, спартовы аглядальнік газеты «Прессбол».

Гэтыя здагадкі, зрэшты, у Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі пацвердзілі.

«Вынас сцяга падчас цырымоніі адкрыцця – ініцыятыва беларускай дэлегацыі. Тым не менш, я хачу падкрэсліць, што гэта пазіцыя дзяржаўная, і гэта ў тым ліку пазіцыя прэзідэнта краіны і прэзідэнта нашага Паралімпійскага камітэту», – заявіла Наталля Эйсмант, прэс-сакратар кіраўніка Беларусі.

Для беларусаў – ганьба, для расейцаў – гераізм

З захапленнем скандал са сцягам сустрэлі і ў Крамлі. Дзень ганьбы паралімпійцаў нашай зборнай у Маскве ўжо акрэслілі Днём беларуска-расейскага братэрства.

«Для нас гэта герой. Яшчэ раз велізарны дзякуй нашым беларускім сябрам і канкрэтна гэтаму чалавеку за тое, што ён зрабіў. Гэткія рэчы не забываюцца», – падзялілася Марыя Захарава, афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі.

Уся справа ў грошах

Між тым, узнятая хваля ўсерасейскай любові да беларусаў, якія, лічы, адзіныя ў свеце публічна падтрымалі расейскую зборную, дарагога каштуе, заўважае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў. І гаворка тут зусім не пра магчымую дыскваліфікацыю нашых спартоўцаў і нават не пра папсаваны імідж усяе краіны.

«Аляксандр Лукашэнка будзе дзейнічаць паводле прынцыпу: «Куй жалеза, пакуль гарачае!» – і гэтымі днямі, безумоўна, будуць актывізаваныя ўсе перамовы па газу і па ўсялякіх іншых пытаннях у беларуска-расейскіх дачыненнях», – патлумачыў Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

То бок пакуль нехта спрачаецца, ці прысутнічае палітыка ў спорце, газ ды авіябазы з крэдытамі ў ім прысутнічаюць дакладна.

Валер Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары