Беларуская вёска, да якой можна дабрацца толькі рызыкуючы жыццём


 Вёска Кашавое Лоеўскага раёну, у якой жыве менш за 60 чалавек, уяўляе своеасаблівы полюс недасяжнасці. Каб дабрацца дасюль з абласнога цэнтру, трэба спачатку сесці на аўтобус, які ездзіць толькі тры разы на тыдзень, даехаць да вёскі Рудня-Каменева, а потым ісці пешшу праз лес больш за дзесяць кіламетраў. Але ў лесе шмат дзікіх жывёлінаў, і не кожны адважыцца на такое падарожжа.

«Да Рудні і ўсё. Дык як жа ж яны? Вось так, дзіцятка. Гаруем так. Старыя – адпрацавалі, ды і вось», – кажа разгубленая Марыя Шырокая, жыхарка вёскі Кашавое.

Дабрацца ў вёску можна яшчэ і маршруткай праз Лоеў. Аднак ездзіць яна таксама тройчы на тыдзень, і толькі ў будні. Мясцовыя жыхары ў асноўным пенсіянеры. Да шмат каго з іх у выходныя прыязджаюць дзеці, а з падобным транспартным злучэннем дабрацца ў вёску складана.

«Праблема сюды прыехаць да мамы, якой вунь 87 гадоў. Якой трэба пастаянна дапамагаць», – дзеліцца Наталля Лысая, жыхарка вёскі.

Дабрацца да Кашавога – праблема нават для ўладальнікаў уласных аўтаў, бо вясковая дарога – гэта пясчаныя дзюны, у якіх часта вязнуць колы.

«Грошы былі выдзеленыя на дарогу, на друз. Я не скажу дакладна, што там было, але дарогі гэтую наагул ніхто не глядзіць», – распавядае Іван Краўчанка, тутэйшы вясковец.

Мясцовыя жыхары нават не маюць магчымасці паскардзіцца ў мясцовы сельсавет, бо ён месціцца за ракою. Скардзіліся дзеці пенсіянераў, якія жывуць у вёсцы, але мясцовыя ўлады дагэтуль нічога не зрабілі. Мы таксама спрабавалі датэлефанавацца да Старадубскага сельсавету, аднак марна.

«Вось так. Глядзець некаму, бо ніяк няма даехаць», – падсумоўвае скрозь слёзы Марыя Шырокая, жыхарка вёскі Кашавое.

Кацярына Ерусалімская, Белсат

Стужка навінаў