Беларуская праваслаўная царква будзе змагацца з п'янствам


З гэтага года 11 верасня ў Беларусі – Агульнацаркоўны дзень цвярозасці.

Беларуская праваслаўная царква прыйшла на дапамогу дзяржаве ў барацьбе з алкагалізмам. Патрэба у новых метадах уздзеяння на насельніцтва узнікла даўно, паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя беларусы з’яўляюцца самай пьючай нацыяй.

З гэтага года 11 верасня ў Беларусі – Агульнацаркоўны дзень цвярозасці. Зранку ў прыходах Праваслаўнай царквы прайшлі адмысловыя набажэнствы – маліліся за тых, хто пакутуе ад алкагольнай залежнасці.

Святы сінод Расейскай праваслаўнай царквы афіцыйна аднавіў штогадовы Дзень цвярозасці, які ўпершыню адзначалі ў 1913 годзе. Таксама сёння ў вернікаў адно з вялікіх гадавых святаў, Дзень памяці адсячэння галавы Яна Хрысціцеля. Праз гэта сёння трымаюць найстражэйшы пост.

Праваслаўная царква абвесціла сённяшні дзень Днём цвярозасці. Ці стануць праз гэта беларусы меней ужываць алкаголю?

Дзяржава спрабуе рэгуляваць ужыванне алкаголю праз сістэму абмежаванняў. Цяпер разглядаецца магчымасць павышэння ўзросту ў якім дазволена ужываць спіртныя напоі да 21 года. Таксама плануецца пашырыць адказнасць за продаж алкаголю непаўнагадовым. За апошнія месяцы былі прынятыя папраўкі ў закон аб рэкламе, якія забараняюць ускоснае прасоўванне алкаголю і цыгарэт. Да таго ж, стаўкі акцызаў на алкаголь былі павышаныя на 10 адсоткаў.

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя кожны жыхар нашай краіны, старэйшы за 15 гадоў, цягам года выпівае алкаголю ў сярэднім 17 з паловаю літраў у пераліку на чысты спірт. Гэтак, на мужчын прыпадае ажно 27 з паловаю літраў спірту, а на жанчын – каля 9. Гэта абсалютны рэкорд на свеце, бо ў сярэднім жыхар Зямлі ужывае алкаголю ў пераліку на спірт толькі 6 літраў за год.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі з інфармацыяй сусветнай арганізацыі не пагаджаецца. Нашыя даследнікі мяркуюць, што беларусы выпіваюць штогод алкаголю ў пераліку на спірт каля 11 з паловаю літраў. Але і гэтая лічба ўдвая большая за сярэдні паказнік па планеце.

Фота: prozavisimost.ru

Алег Ражкоў, belsat.eu

Стужка навінаў