Беларуская мара пра незалежнасць. Знакавае эсе Арлова і відэаграфіка «Белсату»


Знакамітае эсе Уладзіміра Арлова «Незалежнасць – гэта…» сталася сімвалам імкнення беларусаў да незалежнасці, а таксама марай, якая, паводле самога аўтара, застаецца актуальнай і цяпер. Чытайце поўны тэкст на belsat.eu ды глядзіце відэаграфіку.

Эсе Уладзімір Арлоў напісаў у лютым 1990 года для адмысловага нумару газеты «Свабода», прысвечанага Дню Волі. Як казаў аўтар, у творы былі адлюстраваныя мары ягонага пакалення «незалежнікаў». Праз некалькі месяцаў Уладзімір Арлоў прачытаў гэтае эсе на беларускім тэлебачанні і яно набыло вялікую папулярнасць.

У той час, калі савецкія рэспублікі адна за адной абвяшчалі пра свой суверэнітэт, тагачаснае кіраўніцтва Беларусі, якое складалася пераважна з партыйных функцыянераў, у такой неабходнасці сумняваліся. У выніку ў Беларусі абвесцілі незалежнасць дзякуючы нацыянальна-дэмакратычнаму грамадскаму руху і намаганням патрыятычна настроеных палітычных дзеячоў.

***

Незалежнасць — гэта калі ты з’явішся на свет у радзільні, дзе няма самых стэрыльных на зямлі прусакоў, затое ёсць аднаразовыя шпрыцы і пялюшкі.

Незалежнасць — гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а не выцягне са стала «Справочник личных имён народов СССР» і не будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам — не можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий).

Незалежнасць — гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, — на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, — на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, — на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме не трэба будзе ўсё лета збіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія не тое каб не хацелі вучыць сваіх дзетак так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта не думалі, бо выраслі пры інтэрнацыяналізме. І гэтыя заявы не трэба будзе губляць тры разы дырэктару й два — сакратарцы, і першы вераснёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў сваю класу не даведаешся, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі й ураду, у вас на ўсю класу толькі адзін лемантар і дзве «матэматыкі» на роднай мове.

Незалежнасць — гэта калі твая дружына не будзе змагацца за права насіць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.

Незалежнасць — гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова «імавернасць», і ты па-французку растлумачыш яму.

Незалежнасць — гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежны горад ці вёску тваёй зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву і прыбіраць тэрыторыю «вот от сюда и до обеда». У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў ці да сваёй дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе «бульбашом», а твайго сябра — «черножопым» за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сне па-свойму, і выдатнікі баявой і палітычнай падрыхтоўкі не будуць у працэсе гэтай падрыхтоўкі рабіць табе «велосипед», і табе ніколі не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі.

Незалежнасць — гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып’яце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто не будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве жыдом, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык з якой мэтаю.

Незалежнасць — гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на могілкі й ведаеш, што паставіш свечку й пакладзеш кветкі, а не станеш удзельнікам выпрабавання балончыкаў з нэрвова-паралітычным газам ці новае мадэлі гумовага дручка.

Незалежнасць — гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдскую бітву, якая ўратавала твой народ ад смерці, і кажуць праўду пра тую ўладу, што растраляла твойго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.

Незалежнасць — гэта калі да цябе завітае спявак з Нью-Ёрку, і ты вып’еш з ім добрую чарку вішнёўкі, і пасля ветлівыя дзяцькі ў цывільным не запрапануюць табе падрабязна напісаць, дзе й што вы пілі й каго пры гэтым лаялі.

Незалежнасць — гэта калі ты пазбаўлены магчымасьці пачуць, як твой прэзідэнт вучыць з экрану суайчыннікаў: «Хто как хаціт, той так і гаварыт», бо твой прэзідэнт — чалавек пісьменны і хоць адну мову ўсё ж ведае.

Незалежнасць — гэта калі з тэлеперадач і газет раптам знікаюць лісты нястомна-таямнічых ветэранаў і вусьцішныя паведамленні пра нацыяналістаў і экстрэмістаў з народных франтоў, якія нават ў начы не спяць, а распальваюць паміж табой, Алёшам і Мішам, тату якога звалі Ісакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, міжнацыянальную варожасць, каб учыніць сярод вас крывавую разню й пусціць пад адхон цягнік перабудовы.

Незалежнасць — гэта калі ніхто не страшыць цябе, што твой народ не зможа выжыць без вялікага старэйшага брата, бо не мае сваіх баксітаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галандцаў ці бельгійцаў, якія не маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.

Незалежнасць — гэта калі велізарныя фуры з надпісам «Центровывоз» (ці бачыў ты хоць раз такія фуры з надпісам «Центроввоз»?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў.

Незалежнасць — гэта калі раптам высветліцца, што разумныя людзі ёсць і ў нас, і калі — крый Божа! — выбухне завод ці прычыніцца якое іншае ліха, не трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камісія з маскоўскіх разумнікаў.

Незалежнасць — гэта калі на Божай пасцелі ведаеш, што пасля таго, як ты памяняеш гэты свет на лепшы, на месцы царквы ці касцёла, дзе цябе хрысьцілі і дзе ты вянчаўся, не выкапаюць сажалку з брудным лебедзем і не пабудуюць басейн імя XVIII з’езду КПСС, а могілкі, дзе будуць спачываць твае косці, не знясуць і не ператвораць у закіданы пустымі пляшкамі парк культуры й адпачынку імя таварыша Гарбачова або імя таварыша Лігачова.

Незалежнасць — гэта…

Незалежнасць — гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі.

Я веру, што калі-небудзь так будзе.

Бо іначай проста не варта жыць.

Глядзі таксама
Каментары