Беларуская інтэлігенцыя пра выбары ў ЕГУ: «Няма даверу»


Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі лічаць, што конкурсная камісія Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту манапалізавала працэс выбару рэктара ўстановы.

«Гэта не проста адміністрацыйнае прызначэнне. Гаворка ідзе пра існаванне праекта ЕГУ», – адзначана ў распаўсюджаным сёння звароце.

Сістэма адміністравання ўніверсітэтам акрэсліваецца як «закрытая ды аўтарытарная». Падпісанты цвердзяць, што выбары рэктара адбываюцца без удзелу выкладчыкаў, студэнтаў і іншых стэйкхолдэраў.

Аўтары падкрэсліваюць парушэнні:

1. Конкурс распачаўся без зацверджаных правілаў. Працэдура выбараў да гэтага часу не вядомая нават самім кандыдатам. Адпаведна, конкурсная камісія мае магчымасці для аднаасобных рашэнняў.

2. У Кіроўнай радзе не рэпрэзентаваныя студэнты і выкладчыкі, хоць яны таго патрабавалі. Сярод сябраў – толькі адзін беларус (выпускнік ЕГУ Арцём Анісімаў – Н.Я.) і ніводнага знешняга міжнароднага эксперта. Гэта ператварае адкрыты міжнародны конкурс у закрытае карпаратыўнае прызначэнне пажаданага кандыдата.

3. Працэс выбараў інфармацыйна ізаляваны.

«Такое становішча выклікае сур’ёзныя сумневы ў тым, што рашэнне конкурснай камісіі будзе справядлівым. Мы добра ведаем, як робяцца выбары ў Беларусі. І не хочам «беларускіх выбараў» у Еўропе», – гаворыцца ў звароце.

Каб забяспечыць празрысты працэс выбараў, падпісанты патрабуюць склікаць новую рэпрэзентатыўную конкурсную камісію і правесці справядлівы конкурсны адбор.

Пад зваротам падпісаліся Юры Хашчавацкі, Алег Трусаў, Алесь Смалянчук, Павел Севярынец, Святлана Алексіевіч,Святлана Калінкіна, Аляксандр Класкоўскі, Алег Гулак, Лявон Вольскі, Уладзімір Арлоў, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Халіп ды іншыя дзеячы.

Існая конкурсная камісія мусіць вызначыцца з пераможцам конкурсу на пасаду рэктара да 1 сакавіка. Фаварытамі гонкі называюць часовага рэктара і проваста ЕГУ Дэйвіда Поліка, палітыка Аляксандра Мілінкевіча ды выкладніцу ўніверсітэту Таццяну Шчытцову.

НЯ, belsat.eu

Стужка навінаў