Беларуская эканоміка запаволіла падзенне?


Пра гэта паведамляе Белстат. Па выніках васьмі месяцаў года рэальны валавы ўнутраны прадукт скараціўся ў параўнанні з мінулым годам на тры з паловай адсоткі. Але ў ліпені гэты паказнік быў яшчэ на паў адсоткі горшы. Ці азначае гэта, што ў беларускай эканоміцы намячаецца тэндэнцыя на паляпшэнне?

Афіцыйная статыстыка каторы месяц канстатуе адмоўныя паказнікі валавага ўнутранага прадукту. Такога ў Беларусі не было ўжо 20 год.

ЯРАСЛАЎ ЯРАШУК КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:

«Многія прадпрыемствы працуюць няпоўны рабочы графік, многія прадпрыемствы працуюць на склад. Затаварванне прадукцыі дасягае і двух, і трох, і нават шасці месяцаў».

Чаму ж сітуацыя крыху палепшылася, у параўнанні з ліпенем? Перадусім – з-за таго, што леташні жнівень быў для беларуская эканомікі няўдалы. Таму сёлетні, на яго фоне выглядае лепш. Апрача таго, у гэтым годзе позна пачаўся збор ураджаю. З-за халоднага лета ён набраў абароты толькі ў жніўні. То-бок прычына жнівеньскага паляпшэння – не станоўчая тэндэнцыя, а статыстычныя ды сезонныя чыннікі. Праўда летам улады абяцалі, што эканамічнае аднаўленне пачнецца восенню.

ЯРАСЛАЎ ЯРАШУК, КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:

«Няма аніводнай сурёзнай прычыны казаць пра тое, што раптам восенню ўсё закончыцца таму, што нічога не адбываецца. Ні за межамі нашай краіны, перадусім – на расейскім рынку, а самае галоўнае – не мяняецца нічога ў змесце сацыяльна-эканамічнай палітыкі».

Раней на гэтым тыдні Міністр эканамічнага развіцця Расеі прызнаў, што эканамічны спад у яго краіне, верагодна, апынецца, па выніках году, глыбейшым, чым прагназавалася і складзе мінус чатыры адсоткі. Між тым, беларускія ўлады, замест структурных рэформаў напампоўваць прадпрыемствы датацыямі. У ліпені беларускія заводы, такія як Маз, БелАЗ ды «Гомсельмаш», атрымалі выратавальныя крэдыты памерам паў мільярда долараў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары