Беларуская драўляная царква ў Лондане атрымала прыз глядацкіх сімпатыяў прэстыжнай архітэктурнай прэміі


Будынак грэка-каталіцкай царквы святога Кірылы Тураўскага і Усіх святых заступнікаў беларускага народу перамог у прэміі New London Architecture.

Царква перамагла ў намінацыі «Выбар гледачоў» – за яе прагаласавала найбольшая колькасць інтэрнаўтаў. Таксама будынак трапіў у шорт-ліст у намінацыях «Самы энергаэфектыўны будынак», «Культура і супольнасць».

Беларуская ўніяцкая царква – першая драўляная святыня ў брытанскай сталіцы з часоў вялікага лонданскага пажару 1666 года.

Царква святога Кірылы Тураўскага – мемарыял ахвярам атамнай катастрофы 1986 года ў Чарнобылі. Яна размешчаная побач з Марыян Хаўзам – будынкам, з якога пачыналася гісторыя Беларускай каталіцкай місіі ў 1946 годзе, насупраць Беларуская бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны, заснаваных у Лондане беларускімі ўніяцкімі святарамі.

Архітэктар праекту – малады лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэль Со, які перайшоў у грэка-каталіцызм і цікавіцца беларускай культурай.

Пабудова царквы была вялікай марай шматгадовага кіраўніка беларускай каталіцкай місіі айца Аляксандра Надсана, рэалізацыю якой рупліва працягваў айцец Сяргей Стасевіч, адказны за душпастырства беларускіх грэка-каталікоў у Лондане.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары