Беларуская дэлегацыя ў Вашынгтоне абмяркуе з МВФ новую крэдытную праграму


https://www.youtube.com/watch?v=mGiMrcxG_Ac

15–16 красавіка ў сталіцы ЗША адбудзецца вясновая сесія Сусветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду.

Паводле belapan.by, беларускую дэлегацыю ўзначальвае намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банку Дзмітрый Калечыц. У склад дэлегацыі таксама ўваходзяць намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі, памочнік прэзідэнта ў эканамічных пытаннях Кірыл Руды.

На мінулым тыдні міністр фінансаў Уладзімір Амарын паведаміў журналістам, што ў Вашынгтоне беларуская дэлегацыя плануе правесці чарговы раўнд перамоваў аб новай крэдытнай праграме МВФ. Міністр даў зразумець, што заключэнне новага крэдытнага пагаднення з МВФ зʼяўляецца пажаданым для Беларусі ў сувязі з планамі ўраду размясціць на вонкавым рынку новы выпуск еўрааблігацыяў (на суму да $ 1 млрд.) да канца 2016 году.

«Падчас нашага дэбютнага выхаду з еўрааблігацыямі (папярэдні выпуск быў у 2010 годзе) важнай умовай была наяўнасць праграмы з Міжнародным валютным фондам. Пазітыўныя сігналы ў перамовах з МВФ будуць станоўча разглядацца інвестарамі і ў гэты раз», – мяркуе Амарын.

Раней беларускія ўлады заяўлялі, што праграма крэдытавання з МВФ можа быць падпісаная ў студзені–лютым 2016-га.

Нагадаем, апошняя місія МВФ, падчас якой беларускія ўлады абмяркоўвалі з крэдыторам магчымасці супрацоўніцтва, наведала Менск у летась у лістападзе.

Кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долман тады адзначаў, што праграма, якую фонд абмяркоўвае з беларускімі ўладамі, прадугледжвае глыбокія структурныя рэформы. «Гаворка ідзе пра трохгадовую праграму з акцэнтам на глыбокія структурныя рэформы. Яны павінны быць накіраваныя на павышэнне ролі прыватнага сектару ў прыняцці эканамічных рашэнняў», – сказаў Долман.

У межах новай праграмы МВФ Беларусь разлічвае атрымаць крэдыт на суму $ 3 млрд.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Тэгі: ,
Глядзі таксама
Каментары