Беларуская апазіцыя хоча стварыць Асамблею народных прадстаўнікоў


Правацэнтрысцкая кааліцыя заявіла пра намер стварыць Асамблею народных прадстаўнікоў.

На прэс-канферэнцыі ў Менску прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі, якая ўключае ў сябе рух «За Свабоду», аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Абʼяднаную грамадзянскую партыю, анансавалі стварэнне Асамблеі народных прадстаўнікоў, якая зʼявіцца пасля парламенцкіх выбараў.

У яе склад могуць увайсці кандыдаты ў дэпутаты і рэгіянальныя апазіцыйныя лідары. Палітыкі чакаюць, што ініцыятыва будзе спрыяць таму, што пасля выбараў дэмакратычныя кандыдаты працягнуць палітычную кампанію.

«Нашыя кандыдаты, нашыя рэгіянальныя лідары, якія сёлета будуць праводзіць кампанію, рыхтуюць пакет рэформаў, пад якімі будуць збіраць падчас кампаніі подпісы, агітаваць людзей, каб па завяршэнні гэтай кампаніі сабраць усіх рэгіянальных лідараў грамадскай думкі, усіх аўтарытэтных з лакальных супольнасцяў людзей у Асамблею народных прадстаўнікоў», – заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Паводле яго, асноўнай мэтай Асамблеі будзе абарона правоў беларускіх грамадзянаў. Усяго ў парламенцкай кампаніі ў Беларусі будуць удзельнічаць 280 апазіцыйных кандыдатаў.

МЯ, паводле racyja.com

Стужка навінаў