Беларуская апазіцыя мае новы план дзеянняў


Апазіцыя аб’ядналася і мае адзінага кандыдата. Навіна, якую прыхільнікі дэмакратычных сілаў чакалі прынамсі да пачатку выбарчай кампаніі з’явілася сёння. Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец і Уладзімір Някляеў патрабуюць ад уладаў дазволіць былому палітвязню Міколу Статкевічу ўдзел у выбарчай гонцы.

У іншым выпадку, мяркуюць удзельнікі новай кааліцыі – выбары трэба ігнараваць. Праўда, акрамя частковага аб’яднання, вымалёўвацца і новы падзел.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, ЛІДАР АБ’ЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:

«Адзін з вынікаў гэтай выбарчай кампаніі – гэта разлом, які пройдзе праз апазіцыю. Адныя лічаць, што ў гэтую сістэму можна ўвайсці, інтэгравацца і там нешта рабіць. Іншыя кажуць – не, гэтую сістэму трэба цалкам мяняць. Дык вось новая кааліцыя, якая можа быць створаная – гэта людзі і структуры, каторыя лічаць, што гэтую сістэму трэба мяняць».

Удзельнікі канферэнцыі казалі ўпрост – дэмакратычныя сілы не могуць браць удзелу ў гэтай выбарчай кампаніі. І гэтую інфармацыю аб’яднаныя апазіцыянеры спадзяюцца данесці выбарнікам, пакуль яшчэ ёсць магчымасць.

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:

«Мы будзем казаць, што фальсіфікацыі ўжо адбыліся – фальсіфікаваныя ўжо бюлетэні – там няма рэальных апазіцыйных кандыдатаў. Усё, застаецца толькі іх ігнараваць. А форма гэтай агітацыі – гэта акрамя сродкаў масавай інфармацыі – гэта, хоць мы ня лічым, што выбары ёсць, але ёсць іхны Выбарчы кодэкс і ёсць дазвол на сустрэчу з выбарнікамі».

У бюлетэні мае ўсе шанцы трапіць кандыдатка ад другой паловы апазіцыйных сілаў – Таццяна Караткевіч, падтрыманая «Гавары праўду», Партыяй БНФ, рухам «За свабоду!» і беларускімі сацыял-дэмакратамі. Удзельнікі сённяшняй прэс-канферэнцыі неаднаразова заклікалі яе…

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, АПАЗІЦЫЙНЫ ДЗЯЯЧ:

«Не Таццяна Караткевіч удзельнічае ў выбарах гэтага года. Удзельнічае сіла, якая стаіць за ёй і якая спрабуе ёй маніпуляваць. Мы да канца будзем прапаноўваць Таццяне гэта зразумець і перайсці на бок сапраўднай дэмакратыі і на бок людзей, што сапраўды змагаюцца за свабоду гэтай краіны».

На запыт Уладзіміра Някляева Таццяна Караткевіч не адказала – сёння яна ўвогуле была недасяжная для журналістаў. Затое кіраўнік ейнага выбарчага штабу Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што пытанне зняцця з выбараў не разглядаецца. Ці паспеюць паплечнікі Міколы Статкевіча паўплываць на хаду выбараў – малаімаверна, кажуць адмыслоўцы, аднак і такое аб’яднанне – добры знак для дэмакратычных сілаў.

ВІТАЛЬ ЦЫГАНКОЎ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Тое, на што можа ўплываць новая кааліцыя, што ўтвараецца вакол Міколы Статкевіча – гэта на грамадскае ўспрыманне гэтых выбараў, на тое, што яны не дэмакратычныя і не свабодныя і каб гэтае разумення таксама перадалося Захаду».

Як гэта зрабіць? Ведае Мікола Статкевіч.

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:

«Будзе мноства маленькіх плошчаў, буйных-маленькіх. Пачынаючы з пачатку агітацыйнай кампаніі, ну трошкі пазней, пакуль мы падрыхтуемся, карыстаючыся ў тым ліку абаронай іхнага ж выбарчага кодэксу. А калі ён будзе разганяць гэтыя – сустрэчы выбарнікаў, то якая легітымнасць»?

Пры гэтым удзельнікі кааліцыі не спадзяюцца дамагчыся сваіх мэтаў цягам найбліжэйшых месяцаў. Гэта доўгі працэс, кажуць палітыкі, да якога запрашаюць далучыцца рэшту апазіцыйных сілаў

УШ, «Белсат»

Стужка навінаў