Беларускамоўны бразілец выдаў кнігу-антыўтопію пра адраджэнне СССР


Кніга беларускамоўнага бразільца называецца «СССР 2.0». Ідэя кнігі вельмі простая: Сталін падарожнічае ў часе і трапляе ў сённяшнюю Маскву. Шакаваны постсавецкай рэальнасцю, ён вырашае аб’яднаць колішнія рэспублікі, пачынаючы, такім чынам, Трэцюю сусветную вайну.

Сярод галоўных герояў кнігі Патэрсана Франка – двое з Беларусі. Адзін – чырвонаармеец 1945 года, які разам са Сталінам трапляе ў нашыя дні. Другая – дзяўчына, якая ратуе свет падчас вайны. А РБ у кнізе – адзіная краіна, якая не вяртаецца ў СССР 2.0. Як і чаму – даведаецеся з кнігі.

«Ідэя кнігі, – кажа Патэрсан Франка, – узнікла пасля таго, як мы з жонкай вярнуліся пасля апошняга наведвання Масквы. Мы абмяркоўвалі, як Масква ператварылася з камуністычнага ў капіталістычны горад і што б пра гэта падумаў Сталін, калі б ён апынуўся ў сучаснай Маскве і «СНД». Напэўна, рэакцыя была б не зусім пазітыўнай… Так і выйшла ў кнізе».

На пытанне, чаму кніга выходзіць па-расейску, аўтар адказвае: «Я напісаў кнігу на расейскай, бо гэта гісторыя пра былы СССР, і на расейскай яе змогуць прачытаць людзі з усіх былых рэспублік, а на беларускай – нават не ўсе беларусы :(».

Аўтар, аднак, не выключае зʼяўлення беларускамоўнай версіі кнігі – «калі будзе попыт».

Беларуска-бразільская сям’я Вольгі і Патэрсана Франка жыве ў Саўвадоры – галоўным горадзе штату Баія на ўсходзе Бразіліі.

Кніга пашыраецца ў электроннай версіі, прымаюцца замовы і на папяровыя асобнікі. Пазнаёміцца з фрагментам кнігі можна тут.

Патэрсан Франка Коста нарадзіўся 10 лістапада 1987 года ў Саўвадоры, штат Баія, Бразілія. Магістр праграмы «Літаратура і культура» філалагічнага інстытуту Федэральнага ўніверсітэту штату Баія, бакалаўр гэтага інстытуту, мастак. Жыў у Расеі ў 2009-2010 гадах і 2012 годзе, выкладаў замежныя мовы ў агульнаадукацыйных і моўных школах у Іжэўску ды Маскве. Выкладаў расейскую мову ў Федэральным універсітэце штату Баія (2013 год).

Вольга і Патэрсан рабілі таксама сюжэты для «Белсату».

МЯ, паводле svaboda.org

Стужка навінаў