Беларускай мовы ў школах будзе болей


З новага навучальнага года гадзіны беларускай мовы ў школах пачнуць ураўноўваць з расейскай.

«У нас з наступнага навучальнага года, пачынаючы з другога класа, незалежна ад мовы навучання, будзе выдзеленая аднолькавая колькасць гадзін на вывучэнне рускай і беларускай мовы і літаратуры», – паведаміла сёння Ірына Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі.

Паводле яе словаў, гэта новаўвядзенне будзе ўводзіцца паступова: спачатку ў другім класе, праз год – у другім-трэцім класах, праз два гады – у другім, трэцім і чацвёртым класах.

«І так мы паступова пяройдзем на вывучэнне беларускай мовы з аднолькавай колькасцю гадзінаў, як у класах з пятага па адзінаццаты», – адзначыла Булаўкіна.

Для малодшых класаў гаворка ідзе пра тры гадзіны на мову і дзве – на літаратуру, а пры навучанні на павышаным узроўні ў дзясятым-адзінаццатым класах – аб трох гадзінах на мову і трох на літаратуру.

ДД, фота: Alessandro Vincenzi

Стужка навінаў