Беларускага прэтэндэнта на медаль у таэкўандо не дапусцілі да Алімпіяды


Беларускі таэкўандыст Арман-Маршал Сіла, які быў прэтэндэнтам на медаль Алімпіяды ў Рыа, але быў абвінавачаны ва ўжыванні мельдонію, дакладна не выступіць на Гульнях у Бразіліі.

Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва (НАДА) Беларусі на сваім афіцыйным сайце абвясціла, што для Армана-Маршала Сілы «ўжытае часовае адхіленне ад удзелу ў любых спаборніцтвах да завяршэння расследавання ў сувязі з неспрыяльным аналізам яго допінг-пробы, узятай у рамках перадалімпійскага тэставання».

«Такім чынам, спартовец не будзе браць удзелу ў XXXI летніх Алімпійскіх гульнях. Спартовец праінфармаваны аб факце магчымага парушэння антыдопінгавых правілаў і сваіх правах. Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва не дае каментароў па гэтай справе да завяршэння расследавання і прыняцця пастановы пра наяўнасць парушэння антыдопінгавых правілаў і наступствах гэтага», – гаворыцца ў паведамленні.

Пра тое, што паездка атлета на Алімпіяду пад пагрозай, стала вядома яшчэ 13 жніўня. Прычынай адхілення спартоўца называлася наяўнасць у ягонай допінг-пробе забароненага рэчыва мельдонію. Пры гэтым сама гісторыя аказалася з дэтэктыўным налётам і атрымала цікавае развіццё.

Кіраўніцтва Беларускай федэрацыі таэкўандо не толькі адразу паспяшалася запэўніць у невінаватасці спартоўца, але і намякнула на падводныя плыні і падкопы нядобразычліўцаў, якія вырашылі перашкодзіць паездцы таэкўандысты на Алімпіяду. Прычым, падобна, «ворагі», пра якія заявіла Беларускай федэрацыі таэкўандо, знаходзяцца ўнутры краіны.

Раней «дэтэктар маны» пацвердзіў, што Сіла не прымаў мельдонію.

МЯ, паводле news.tut.by

Стужка навінаў