Беларускага блогера моцна збілі міліцыянты, а потым пакаралі вялікім штрафам


Беларуская міліцыя становіцца ўсё больш агрэсіўнай і перадусім у адносінах да тых, каму цяжка сябе абараніць.

Вядомага блогера Віктара Нікіценку, якія супрацоўнічае са шматлікімі незалежнымі медыямі, 13 кастрычніка затрымалі ў Менску супрацоўнікі сілавых структур і моцна збілі.

А 13.30 Нікіценка прыйшоў на плошчу Незалежнасці, каб, па ягоных словах, «данесці людзям сваю пазіцыю адносна злачынцы Лукашэнкі, які чарговы раз захапіў уладу ў Беларусі». Разам з ім на плошчу прыйшло яшчэ два чалавекі. Затым блогер папрасіў сяброў сфатаграфаваць яго на фоне Дому ўраду з самаробным плакатам «Лукашэнка пад трыбунал», інфармуе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Некалькі чалавек у цывільным увесь час назіралі за гэтым, а потым адзін з іх, падобны да супрацоўніка міліцыі, падышоў і запытаўся, што тут робіцца, папрасіў паказаць блакнот, які быў у руках Нікіценкі, і прадявіць ягоныя дакументы.

У адказ Віктар Нікіценка папрасіў яго паказаць свае дакументы, а таксама прадставіцца і патлумачыць, на якой падставе ён патрабуе пашпарт. Але той адмовіўся адказваць і сышоў.

А 14:00 гадзіне ўдзельнікі акцыі вырашылі сысці з плошчы. Яны ўтрох накіраваліся ў бок метро.

«На лесвіцы, якая вядзе ў падземны пераход, мяне схапілі за рукі і сілай пацягнулі ўніз, – напісаў блогер у сваім профілі на «Фэйсбуку». – Натуральна, я супраціўляўся, а таксама запатрабаваў паказаць свае пасведчанні… але мяне цягнулі на другі бок падземнага пераходу, дзе чакаў ужо белы бус».

Мужчыну пры гэтым абражалі, білі, запалохвалі ды пагражалі расстрэлам.

«Дрэнна працуеце! – казаў затрыманы міліцыянтам у бусе ды назваў іх рабамі. Пасля гэтага кіроўца папрасіў блогера зняць акуляры ды некалькі разоў ударыў яго па твары.

«Падчас збіцця вышыбала пытаўся ў мяне: «Гэта я раб?», – даючы мне магчымасць адказаць. Я адказаў, заехаўшы яму сваёй галавой у нос. Потым ад злосці хамло заціснула маю галаву паміж ног і пачало біць па баках, па спіне, па нырках», – напісаў Віктар Нікіценка.

Выявілася, што мужчыны ў цывільным былі супрацоўнікамі КДБ, якія паводзілі сябе агрэсіўна, забралі ўсе рэчы блогера, сцерлі ўсе дадзеныя з тэлефона і фотаапарата. Спадару Нікіценку забаранялі тэлефанаваць у аддзяленні міліцыі, дзе яго трымалі амаль дзве гадзіны.

Прычынай сілавога затрымання стала нежаданне даць свае дадзеныя супрацоўніку міліцыі, які не прадставіўся і не захацеў даць свае дакументы па маёй просьбе, лічыць блогер.

Двое сяброў Віктара, якія разам з ім выйшлі на плошчу Незалежнасці – Алесь Папок і Сяргей Талстой – затрыманыя не былі.

У той жа дзень, 13 кастрычніка адбыўся суд. Віктару Нікіценку суд Маскоўскага раёну сталіцы прысудзіў штраф у памеры 20 базавых велічынь за несанкцыянаваны пікет, 30 базавых за непадпарадкаванне міліцыі і за абразу суддзі.

Блогер Віктар Нікіценка супрацоўнічае з Маскоўскай рэдакцыяй радыё «Свабода», «Эхо Москвы», сайтам Korrespondent.net.

17 верасня, як паведамлялі медыі, яны збілі інваліда-вазочніка, якога выцягнулі з пераходу метро каля станцыі «Плошча Якуба Коласа» і пабілі ў двары дому. 18 верасня ад міліцыянтаў падчас затрымання пацярпеў інвалід па зроку, якога цягнулі за ногі па лесвіцы і падлозе. Нядаўна стала вядома, што міліцыянты збілі сталага мужчыну пасля анкалагічнай аперацыі. Калі мужчына паскардзіўся на міліцыянтаў, Следчы камітэт не знайшоў злачынства ў іх дзеяннях.

МЯ, паводле spring96.org

Стужка навінаў