«Беларускае вымаўленне – самае складанае для расейца»

video

Антон Сомін. Фота philology.hse.ru

Хто вучыць беларускую мову ў Маскве, распавёў выкладчык курсаў беларускай мовы ў расейскай сталіцы Антон Сомін.

1-га лютага ў Маскве стартавалі бясплатныя заняткі для ахвотных вывучаць адну з дзесяці моваў краін СНД. Праект называецца «Школа моваў суседзяў». У межах яго масквічы будуць вучыць азербайджанскую, армянскую, беларускую, казахскую, кыргызскую, малдаўскую, узбекскую, таджыкскую, туркменскую і ўкраінскую мовы.

«Першыя заняткі прайшлі нават лепш, чым я чакаў. Мы чыталі простыя беларускія словы і вучыліся вітацца. Вельмі прыемна, што людзі, якія жывуць у Маскве, жадаюць вывучыць беларускую мову, прыходзяць на курсы, слухаюць, занатоўваюць, спрабуюць пераняць беларускае вымаўленне. Трэба сказаць, гэта ўражвае», – падзяліўся з радыё «Свабода» выкладчык курсаў беларускай мовы ў межах маскоўскага праекту «Школа мовы суседзяў» Антон Сомін.

«Збольшага прыйшлі людзі, якія ніколі не карысталіся беларускай мовай – фактычна з нулявым узроўнем. Але ў большасці – беларускія карані. Што, зрэшты, і стала прычынай жадання вывучыць беларускую мову. Нехта бываў у Беларусі дзіцём, калі наведваў дзядоў. Адзін студэнт узгадваў, што вельмі любіў часопіс «Вожык«, які выходзіў на беларускай мове. У якасці выключэння магу адзначыць двух студэнтаў, якія зʼяўляюцца лінгвістамі, вывучаюць славянскія мовы і адпаведна нешта ведаюць па-беларуску», – тлумачыць Антон Сомін, які сам паводле адукацыі і прафесіі зʼяўляецца сацыялінгвістам.

Антон Сомін пашырае беларускую мову таксама праз спеў. Да прыкладу, ён праспяваў расейскую песню «Старый клён» па-беларуску на Фестывалі моваў у Маскве.

Студэнты, якія прыйшлі вучыць беларускую мову, збольшага не кіраваліся практычнымі мэтамі:

«Нехта хоча праз беларускую мову даведацца пра культуру Беларусі. Нехта хоча стаць бліжэй да сваіх каранёў. Нехта хоча вывучыць мову, якая ім калісьці спадабалася. Напрыклад, сярод маіх студэнтаў, ёсць галоўны бухгалтар – жанчына каля 50 гадоў, якая не мае ніякай сувязі з Беларуссю, але хоча, каб беларуская мова не знікла і робіць свой унёсак у гэтую справу. Разам з тым, ёсць малады чалавек, які збіраецца перакладаць вершы з беларускай на расейскую, таксама ёсць некалькі лінгвістаў».

Антон Сомін адзначае, што ў яго слухачоў няма негатыўнага стаўлення да нюансаў беларускага вымаўлення – дзекання і цекання, якія часта выкрываюць беларуса, нават калі той гаворыць па-расейску. Тым больш, студэнты не баяцца «заразіцца» такім вымаўленнем:

«Нават калі б яны пажадалі пераняць беларускае вымаўленне, то ў іх гэта не атрымаецца. Прынамсі, адразу. Фанетыку чужой мовы вельмі складана засвоіць. Але я адзначыў, што для слухачоў курсаў гучанне беларускай мовы – гэта нешта вельмі прыемнае, для кагосьці звязанае з дзяцінствам. На перапынку студэнты гаварылі паміж сабой, што беларуская мова гучыць вельмі мякка, вельмі прыгожа, і шкада, што не атрымліваецца вымаўляць так, як трэба. Я не магу казаць за ўсіх расейцаў, але для маіх студэнтаў беларуская мова мае толькі станоўчыя эмоцыі».

Лічыцца, што расейцу разумець беларускую мову складаней, чым беларусу – украінскую. Беларус хутчэй, чым расеец, загаворыць па-чэшску ці па-польску – таму што ў нас ад нараджэння ёсць досвед карыстання прынамсі дзвюма славянскімі мовамі. Але нягледзячы на гэта выкладчык ужо на першых занятках гаварыў толькі па-беларуску. Вынікам, як ён кажа, застаўся задаволены.

«Падчас першага дня заняткаў я адразу перайшоў на беларускую мову і тлумачыў усё па-беларуску. І здаецца, што праблем з разуменнем не было, ці амаль не было. Вядома, былі незнаёмыя словы. І іх перапытвалі. Таму разумець можна, але трохі складана».

Неўзабаве ў маскоўскім выдавецтве «Живой язык» выйдзе напісаны Антонам Соміным падручнік для самастойнага вывучэння беларускай мовы – «Белорусский язык. Самоучитель для руссскоязычных».

«Гэта не першы падручнік для расейскамоўных. Але іх няшмат. Мой дапаможнік адрозніваецца тым, што там выкладаецца ня толькі афіцыйны стандарт мовы, але і класічная версія – «тарашкевіца«».

Антон Сомін перакананы, што попыт на дапаможнік будзе і ў Расеі, і ў Беларусі:

«Мае знаёмыя прасілі высылаць ім часткі рукапісу кнігі, каб яны маглі пачаць вучыць беларускую мову. Пасля мы маем водгукі ад людзей, якія не патрапілі на курсы. Маё адчуванне, што попыт будзе. Прынамсі, ёсць тыя, хто хоча вучыць. І гэтая колькасць не абмяжоўваецца студэнтамі маіх курсаў».

Курсы будуць цягнуцца чатыры месяцы. Пасля іх завяршэння Антон Сомін мяркуе распавесці студэнтам пра курсы «Мова ці кава», якія штотыдзень адбываюцца ў маскоўскіх кавярнях у выглядзе дыскусіяў і абмеркаванняў – для тых, хто ўжо здольны размаўляць на беларускай мове.

МЯ, паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары