«Беларускае казацтва» рыхтуецца да парламенцкіх выбараў і стварэння войска

photo

Пра гэта прадстаўнікі рэспубліканскага грамадскага абʼяднання заявілі на пазачарговым крузе казакоў. Сход адбыўся ў Менску. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прыкладна 80 чалавек.

У прынятай па выніках сустрэчы пастанове ёсць даручэнне атаманам абласных акругаў зацвердзіць спісы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Паводле вярхоўнага атамана беларускага казацтва Мікалая Улаховіча, арганізацыя гатовая падтрымаць на выбарах не толькі сваіх сябраў, але і тых, хто сімпатызуе аб’яднанню.

Таксама ў пастанове гаворыцца, што арганізацыя прыступае да «наступнага якаснага этапу ў развіцці». Стратэгічнай задачай такога развіцця вызначаная праца па падрыхтоўцы і падпісанні ўказа прэзідэнта «аб казацтве як сацыяльна-культурным слаі насельніцтва Рэспублікі Беларусь і пераводзе яго ў вайсковую казацкую грамаду».

«За гэты час галоўная мэта – адраджэнне беларускага казацтва, лічу, выкананая. Цяпер неабходна ствараць «Беларускае казачае войска», накшталт тых, якія дзейнічаюць у Расеі», – сказаў Улаховіч.

Неабходнасць стварэння казацкага войска ў Беларусі ён патлумачыў і тым, што наша дзяржава мяжуе з краінамі НАТА.

Паводле яго слоў, Беларусі неабходныя спакой і парадак, а не хаос. Такія арганізацыі, як Партыя БНФ, ён назваў «параўнальнымі з «Ісламскай дзяржавай»». Пры гэтым беларускіх казакоў вярхоўны атаман лічыць антыфашыстамі. «Мы хочам вырасціць моцных духам ваяроў, выхаваных на ідэалах патрыятызму і праваслаўя», – заявіў Улаховіч.

«Беларускае казацтва» таксама мае намер прапанаваць ураду праект аб стварэнні ў Беларусі першага казацкага дзіцячага корпуса, які дае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Апроч таго, аб’яднанне плануе ўнесці ў Менгарвыканкам прапанову назваць адну са сталічных вуліцаў у гонар Беларускіх казакоў.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Глядзі таксама
Каментары