Беларускае фэнтэзі: ад Міцкевіча да Шэйна!


Што такое фэнтэзі і наколькі гэты жанр запатрабаваны сёння ў Беларусі разбіраемся разам з аўтарам беларускага фэнтэзі-блокбасцера «Сям камянёў», пісьменнікам і журналістам Аляксеем Шэйнам.

Аматары Толкіна не так даўно атрымалі магчымасць акунуцца ў іншы казачны свет, але з сапраўдным беларускім каларытам, калі на свет з’явілася кніга «Сем камянёў». Яе наклад 2100 асобнікаў стаў адным з самых масавых за апошні час. У Менскіх дзіцячых бібліятэках – гэта адна з самых любімых і чытаных дзецьмі кніг.

Чаму ўзнікае такі голад прыгодніцкіх фантастычных казак? Давайце разбярэмся агулам, што гэта за жанр гэткі.

«Фэнтэзі – гэта жанр у літаратуры, дзе існуе казачны свет, пабудаваны на аснове міфаў і паданняў, які не патрабуе навуковага тлумачэння, у адрозненні ад фантастыкі. Гэты свет і яго героі проста існуюць», – тлумачыць на сваёй сустрэчы з чытачамі ў Горадні, Аляксей Шэйн.

Яшчэ Толкіна не было, а ў нас ужо быў Баршчэўскі

Большасць з нас, відавочна, чула пра Толкіна, Льюіса ды іншых заходніх аўтараў, але ці гэты жанр у літаратуры для беларусаў з’яўляецца такім ужо «замежным»? Аказваецца, не. Знаўцы беларускай літаратуры нярэдка да першага пісьменніка-фантаста ў Беларусі адносяць Адама Міцкевіча. А чаму не? Мода на містычны рамантызм у 19-м ст. аказала свой уплыў і на польска-беларускага генія.

Міцкевіч, як і многія іншыя аўтары таго часу браў за аснову мясцовую легенду, апрацоўваў яе і выдаваў на свет паэму або баладу. На прыклад Свіцязанка, водная німфа, якая пасля няўдалай праверкі каханага на трываласць пачуццяў, пакарала яго вечным бадзяннем у лесе недалёка возера. Дарэчы цалкам магчыма, што Міцкевіч, быў не толькі пачынальнікам фэнтэзістам, але і навуковым фантастам. На жаль адзіны твор навуковай фантастыкі Міцкевіча «Гісторыя будучыні» не захаваўся.

Другі аўтар, якога ў прыклад беларускага фэнтэзі прыводзіць Аляксей Шэйн – Ян Баршчэўскі са сваёй знакамітай кнігай «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».



«Гэта была была першая мастацкая кніга, у якой Беларусь прафігуравала ў назве. Частка была апублікавана па-польску, а частка па-беларуску. Кніга стала бестселерам і перажыла некалькі выданняў. Што зрабіў Баршчэўскі? Ён зрабіў тое, што рабіла большасць пісьменнікаў 19 ст. Нічога новага ён не адкрыў, але проста ён першы гэта зрабіў па-беларуску. Ён узяў народныя легенды, народныя паданні, апрацаваў іх, перапрацаваў, дапісаў ад сябе яшчэ шмат чаго. І выдаў абсалютна цудоўную кнігу», – распавядае Аляксей Шэйн.

Сваю міфічную краіну «Крывію» з лабірынтамі-таямніцамі стварае таксама і Вацлаў Ластоўскі. Кніга «Лабірынты» (1923) – першая беларуская ўтопія з арыгінальнай рэлігійнай сістэмай беларусаў. Аўтар стварае патаемны падземны свет – Полацкія лабірынты, дзе галоўны герой дазнаецца праўдзівую гісторыю Крывіцкай зямлі – пантэон багоў і сакральную славянскую Веду.

Беларуская фэнтэзійная сучаснасць

У жанры фэнтэзі піша таксама адна з самых маладых аўтарак сучаснай беларускай літаратуры – Ксенія Шталянкова, якая некалькі гадоў таму задэбютавала з кнігай «Адваротны бок люстра».

«Сваю першую кнігу дзяўчына напісала ў 16 гадоў. Гэта наш беларускі Крыстафер Паоліні», – параўноўвае спадар Аляксей.

– Беларускае фэнтэзі ёсць не толькі ў літаратуры. Таксама гэта жанр кінематографу, жывапісу, камʼютарных, ролевых і настольных гульняў.

З жанрам незвычайна эксперыментуе спявачка і музыка Кацярына Ваданосава. Летась пабачыў свет яе першы фэнтэзі-альбом «Міфатворчасць». Цікава таксама, што атрымаецца з праекту «Неруш» – першага беларускага фільма-фэнтэзі, які вырашыла стварыць група энтузіястаў. Фільм павінен базавацца на беларускіх легендах і паданнях», – распавядае пісьменнік.

– Наколькі фэнтэзі запатрабаванае сёння ў Беларусі?

Вельмі запрабаваны жанр. Па-першае, я ведаю толькі дзве кніжкі напісаныя ў жанры фэнтэзі па-беларуску. Па-другое, калі гэтая кніга выйшла, яна выйшла накладам 2100 асобнікаў. Гэта вялізны наклад у Беларусі. Фенаменальны тыраж Марціновіча – цэлыя 1000 асобнікаў, добра што я гэтага раней не ведаў, спужаўся б.

Аднак кніга стала бестселерам. Два тыдні таму мяне запрасілі ў цэнтральную дзіцячую бібліятэку гораду Менску. Там закупілі гэтую кніжку год назад. І так аказалася, што за 16-ты год мне патэлефанавалі і сказалі, што я ўвайшоў у пяцёрку лепшых беларускіх аўтараў. Не зважаючы на тое, што кніжка па-беларуску, дзеці яе чытаюць. Ёсць запіс на гэтую кнігу. Не магчыма яе так проста прыйсці і ўзяць. Я здзівіўся, шчыра кажучы. І калі я прыйшоў туды, там сядзела дзяўчына, якая, відаць, мяне не пазнала і звярнулася да мяне: «У нас ёсць класная кніжка. Вось паглядзіце!». Кажу: «Дзякуй! Я яе чытаў і я яе напісаў». Для мяне гэта была самая радасная навіна», – распавядае Аляксей Шэйн.

Лайфхак ад Аляксея Шэйна

«Я Вас заахвочваю: пішыце! Пішыце раманы, аповесці. У беларускай літаратуры так не хапае зараз добрых раманаў. Што заўгодна. Тварыце! Не магчыма, нічога напісаць калі да гэтага не падыходзіць, як да працы. За некалькі год я напісаў пару старонак. Натхнення чакаў, а ў мяне ўжо дзеці нарадзіліся і я зразумеў, што трэба па-іншаму падыходзіць да справы. Трэба ставіць сабе задачы. Сядаць за комп і пісаць кожны дзень. Пішы не хочучы, але пішы. Натхненне прыходзіць падчас працы. Калі б я гэта ведаў раней, не страціў бы столькі год. Вось маё жыццёвае назіранне».

Аляксей Шэйн – беларускі пісьменнік, журналіст і грамадскі дзеяч. Цягам 10-ці гадоў выкладае бясплатныя курсы беларускай мовы «Моваведа». Аўтар першага беларускага фэнтэзі «Сем камянёў».

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў