Беларуска з Парыжу: Пакуль ніхто нікога не вінаваціць – усе ў шоку


Палітычнае аблічча Францыі можа істотна змяніцца, а эміграцыя ў гэтую краіну можа стацца надзвычай складанаю пасля шэрагу апошніх тэрактаў у французскай сталіцы, выказала такую думку Belsat.eu беларуска Аліса Сыраквас, якая ўжо 11 год жыве ў Парыжы.

Спадарыня Аліса даведалася пра тэракты, калі да яе пазваніла маці ейнага каханага хлопца з пытаннем, ці ў яе ўсё ў парадку.

«Калі я пачула пра вялікую колькасць ахвяраў, першае мае пачуцці – страх. Я сама адразу ж пачала званіць сваім блізкім, каб даведацца, што яны ў бяспецы», – расказала парыжанка з беларускімі каранямі.

Адзін з калегаў па працы спадарыні Алісы прызнаўся, што знаходзіцца ў бары акурат непадалёк ад аднога з месцаў, дзе прагучала страляніна. Працаўнікі бару дзеля бяспекі сваіх кліентаў спусцілі на вокны і ўваходы жалезны занавес.

Жыхары Парыжу праявілі высокую арганізацыю і не паддаліся паніцы, адзначае нарадзінка Менску. Паколькі ў французскай сталіцы перастала хадзіць метро, шмат хто меў цяжкасці, каб даехаць да дому, але іх ахвотна прымалі на начлег іншыя парыжане. Спадарыня Аліса сама прыняла на ноч сваю сяброўку-францужанку, пасцяліўшы ёй на падлозе.

«Парыж яшчэ не адышоў ад шоку, – распавядае нарадзінка Менску. – Вуліцы – пустыя, бо паліцыя праз медыі прасіла ўсіх заставацца ўдома, але чуваць сірэны, гукі ад верталётаў. Пакуль я не спаткала, каб нехта некага вінаваціў, нехта пра некага кепска выказваўся. Усе пакуль проста ў шоку. Парыж нібы ў дэпрэсіі».

Спадарыня Аліса аднак не выключае, што ў будучыні крайнія палітычныя сілы ў Францыі стануць яшчэ больш папулярнымі. Прадстаўнік правых можа ў сваю чаргу перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах у 2017 годзе.

«Мне вельмі б не хацелася і я спадзяюся, што гэтага не будзе, але ў грамадстве могуць узрасці негатыўная адносіны да мусульманаў. Маю надзею, што французы ўсё ж будуць у стане адрозніць тэрарыстаў ад звыклых вернікаў-мусульман», – заўважае спадарыня Аліса.

Яна аднак мяркуе, што эміграваць у Францыю стане цяжэй, бо ўлады могуць зрабіць больш жорсткім міграцыйнае заканадаўства.

Іншая беларуска з Францыі Аляксандра Шаварына прызнаецца, што асколкам на стадыёне «Стад дэ Франс» параніла аднаго з ейных французскіх знаёмых.

«Пацярпелых усіх у кучу сабралі і адвезлі ў лякарню. Інфармацыі аб загінулых я не знайшла. Не агалошвалі спісаў. Шмат хто так і не ведае, што сталася з іхнымі блізкімі. Я жыву ў прыгарадзе. Сябры, хто жыве ў самым цэнтры, пішуць, што ўсюды паліцыя, вайсковых шмат са зброяй… усе пяць лініяў метро зачыненыя. Людзі ў шоку, у паніцы. Парыж ачэплены. Будзе шмат кантролю бліжэйшымі днямі. Расказваюць, што ў некаторых месцах плануецца нешта накшталт каменданцкага часу», – адзначае спадарыня Аляксандра.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”38330″ img_size=”large”][vc_column_text]Аляксандра Шаварына 5 гадоў жыве ў ФранцыіБліжэйшыя выходныя эмігрантка з Беларусі збіраецца правесці дома ды нікуды асабліва не выходзіць: «Сказаць што не страшна – гэта схлусіць».

Спадарыня Аляксандра лічыць, што правільным шляхам для Францыі ў абароне ад тэрарызму можа быць абмежванне эміграцыі з арабскіх краінаў.

«Тут сапраўдны прахадны двор. Я баюся, што гэта будзе выглядаць не вельмі паліткарэктна, але, шчыра кажучы, я даўно перакананая, што Францыю, прабачце, запаланілі імігранты з «арабістану». Вядома не ўсе з іх дрэнныя, але фільтр быць павінен. Трэба ўводзіць нейкі кантроль. У Францыі, на жаль занадта гіпертрафаванае паняцце свабоды і талерантнасці, а гэта абарочваецца супраць дзяржавы», – мяркуе жыхарка парыжскага прадмесця.

Максім Ярашэвіч, Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў