Беларусіст з Японіі вывучае тэксты, напісаныя на беларускай мове ў пачатку XX стагоддзя

video

Значэнне для беларускай мовы і культуры газеты «Наша Ніва», якая адзначае гэтымі днямі 110-годдзе, пераацаніць немагчыма. Газета, што выдавалася і кірыліцай і лацінкай, спрычынілася не толькі да ўздыму нацыянальнай свядомасці.

«У газеце друкаваліся першыя літаратурныя творы паэтаў: Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Элаізы Пашкевіч – Цёткі», – заўважыла Аіда Грыбіеня з Аддзелу рэдкай кнігі бібліятэкі АН Літвы імя Урублеўскіх.

Менавіта творчасць Максіма Багдановіча натхніла японскага студэнта Кена Сібату даследаваць нашаніўскі перыяд у беларускай культуры.

«Калі я чытаю беларускую літаратуру гэтага часу, я магу знайсці працэс стварэння беларускай сучаснай мовы», – падкрэсліў беларусіст з Японіі Кен Сібата.

Кен Сібата адзначае, што даследаванне нашаніўскага перыяду цікавіць яго менавіта як замежніка.

«Літаратура гэтага перыяду шчыльна звязаная з адраджэннем нацыянальнай культуры. І я думаю, што гэта важна не толькі для беларусаў або аматараў беларускай культуры, але і для японцаў», – адзначыў Кен Сібата.

Тая «Наша Ніва» праіснавала толькі да 1915-га, але без яе немагчыма ўявіць беларускай культуры. Як і самой газеты немагчыма ўявіць без Вільні, дзе сёння памятнымі шыльдамі пазначаныя мясціны, звязаныя з дзейнасцю рэдакцыі «першай беларускай газеты з рысункамі».

НН, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары