«Беларусбанк» будзе збіраць камісію дзеля… дабрачыннасці


Ад 1 жніўня кліенты «Беларусбанку» будуць плаціць 1 рубель камісіі пры разлічванні за паслугі праз касу наяўнымі грашыма. На думку адмыслоўцаў, гэткае новаўвядзенне перадусім ударыць па кішэнях пенсіянераў.

Ірына Паўлава з Пінску на пенсіі ўжо 22 гады. Паводле старой звычкі аплочвае ўсе паслугі, у тым ліку і камунальныя, наяўнымі грашыма, а таму новаўвядзенне «Беларусбанку» пенсіянерку вельмі засмуціла.

«Мы сыходзілі на пенсію, картак яшчэ не было. Няма ў мяне яе і цяпер. Нават калі ў кагосьці і ёсць гэткая картка, мы звыклі здымаць грошы пасля таго, як налічылі пенсію. Бо мы маем бачыць свае грошы і разлічваць кожную капейку», – гаворыць Ірына Паўлава.

Рубель камісіі банк абяцае спаганяць не за кожную аплочаную квітанцыю, а толькі пры кожным звароце кліента ў банк. То бок адначасова можна будзе заплаціць і за мабільны тэлефон, і за камуналку, і за інтэрнэт, пры гэтым касір возьме толькі 1 рубель камісіі. Усе сабраныя такім чынам грошы банк абяцае накіраваць на дабрачынныя рахункі.

Але аддаваць з уласнай кішэні адзін дэнамінаваны рубель «Беларусбанку» трэба не ўва ўсіх выпадках звяртання ва ўстанову. Гэтак, плаціць дадатковую суму не трэба пры аплаце штрафаў і дзяржаўных мытаў, а таксама пры сплочваанні крэдытаў і пераводу грошай на іншыя рахункі, акрытыя ў «Беларусбанку».

Каб пазбегнуць выдаткаў на камісію, не змяняючы банку, спатрэбіцца або асвоіць сусветную павуціну, каб сплочваць рахункі праз інтэрнэт-банкінг, або навучыцца карыстацца інфакіёскамі, або выстойваць чэргі на пошце ці актыўна карыстацца банкаўскаю карткай, якая ў гэтых выпадках дазволіць хоць трохі ашчадзіць.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары