«Беларусаў вучылі не памятаць і не распавядаць». Архіву вуснай гісторыі патрэбная дапамога


Сталінскія рэпрэсіі, калектывізацыя, Галакост і Чарнобыльская катастрофа. Памяць пра гэтыя трагічныя падзеі вачыма звычайных беларусаў можа знікнуць назаўсёды. Даследчыкі Беларускага архіву вуснай гісторыі за шэсць гадоў сабралі тысячы ўспамінаў жыхароў нашай краіны. Гэтыя сведчанні дапамагаюць успрыняць гісторыю Беларусі праз прызму лёсу асобы.

Як вынік дзясяткаў экспедыцый паўстала кніга Вольгі Івановай «Прамоўленая гісторыя. XX ст. у памяці жыхароў беларускай вёскі».

Даследчыца гісторык Вольга Іванова, Экспедыцыя ў Маладзечанскім раёне, ліпень 2017 г.

Дагэтуль баяцца, але распавядаюць

У кнізе даследчыца заўважае адметную асаблівасць збору ўспамінаў у Беларусі. Падчас экспедыцый высветлілася: падзеі ХХ ст. прывучылі беларусаў, што не расказваць, не памятаць, не дзяліцца сваім досведам значна больш бяспечна. Гэткая сацыяльная практыка, якая моцна замацавалася ў свядомасці грамадства і пераадолець яе было і ёсць вельмі складана.

***

Вы думаеце, так просто было ў колхозы согнаць людзей? […] Допусцім, у мене хозяйство: 3-4 коровы, лошадзь, повозка, борона, плуг… Я хозяін. І тут трэба обобшчэствляці. І коровы здоваці, і лошадзі здоваці, і плугі, і бороны. Всё надо здаць в колхоз. Када перэстройку зацеял Горбачоў, […] прыехалі колхоз роскідаці. Я говору, то трэба было з грабніком загоняці ў колхоз, а цепер трэба з грабніком выгоняці з колхоза. «Васільеўна, заглохні! Спасібо, што вы загналі нас в колхоз, то мы побачылі, што можно легчэ жыці на свеце». Мы іх агіціровалі, говорылі, што легчэ будзе жыці. Попробуй розжэні цепер колхоз. Ні в коем случае. – з успамінаў, сабраных Беларускім архівам вуснай гісторыі.

***

«Гэтыя траўмы ўздзейнічаюць на нас вельмі моцна, не гледзячы на тое, што мы часта іх не ўсведамляем, а нашыя бабулі і дзядулі не хочуць распавядаць пра жахі перажытага імі, засцерагаючы нас.

Спрабуючы перажыць не перажытае нашымі продкамі, зразумець саміх сябе, мы шукаем адказы на пытанні кім яны былі?, як жылі?, што думалі?, аб чым марылі? Ці могуць адказаць на іх архіўныя дакументы ЦК КП(б) або сучасныя падручнікі? Наўрад ці. І менавіта вусная гісторыя дае тут вельмі шырокія магчымасці, бо кожны ўспамін можа даследавацца з розных пазіцый, з выкарыстаннем розных метадалагічных падыходаў і на розных узроўнях паглыблення», – заўважае Вольга Іванова.

Экспедыцыя па вёсках Маладзечанскага раёну, лета 2017 г. Фота Касі Ляўдацкай

Чаму так важна захаваць вусную гісторыю Беларусі?

«Толькі ўчора да мяне звярнулася жанчына з просьбаю даслаць успаміны ейнай маці, якія мы запісвалі некалькі гадоў таму. Бабуля памерла і памяць пра яе стала як ніколі патрэбнай для сваякоў. Гэта асаблівасць чалавечай сутнасці – пачынаць цаніць нешта толькі пасля таго, як гэта было страчана і стала недасяжным», – гаворыць укладальніца кнігі.

Цяпер сродкі на кнігу збірае talaka.org. Каб захаваць унікальны матэрыял патрэбная дапамога грамадскасці і важны нават маленькі ўнёсак.

Вусная гісторыя – псіхатэрапія для беларусаў

«Працуючы над кнігай «Прамоўленая гісторыя. ХХ стагоддзе ў памяці жыхароў беларускай вёскі» я прыйшла да думкі, што вусная гісторыя гэта найперш сацыяльная практыка, якая дазваляе раскрыць і пралячыць нашыя калектыўныя траўмы, актуалізаваць практыку перадачы памяці і яе захоўвання для кожнай беларускай сям’і. Гэта шлях да істотных зменаў у грамадскай свядомасці», – кажа гісторык.

Успаміны, прыведзеныя ў кнізе Вольгі Івановай утрымліваюць індывідуальны і эмацыйны досвед звычайных людзей, праз прызму якога, і паўстае прамоўленая гісторыя ХХ ст. Чалавечае аблічча кожнага ўспаміну дазваляе з новага ракурсу паглядзець на сухія факты, якія часта ўспрымаюцца проста як набор назваў і датаў.

«Не думаю, што сёння рэальна ўключыць вынікаў вуснагістарычных даследаванняў у школьныя падручнікі. Бо вусная гісторыя не можа быць уціснутай ў рамкі нейкай «аб’ектыўнасці». Яна патрабуе прызнання, што досвед кожнага чалавека – унікальны для гісторыі, патрабуе суб’ектыўнай дыскусіі. Асобныя настаўнікі школ і выкладчыкі ВНУ выкарыстоўваюць вусныя ўспаміны на занятках, у тым ліку на падставе метадычных распрацовак Беларускага архіва вуснай гісторыі. Але такое выкарыстанне рэдка выходзіць за межы ілюстрацыі ў рамках ужо зададзеных праграмай тэмаў», – мяркуе Вольга Іванова.

Экспедыцыя па вёсках Маладзечанскага раёну, лета 2017 г. Фота Касі Ляўдацкай

Сталінскія камуністы, алкаголь і Брэжнеў. Фрагменты з успамінаў вяскоўцаў

Анекдот раскажу вам. З Масквы прывязла. Я ездзіла ў 71-м годзе. Цэлы тыдзень была. Абвадзілі там мяне і маўзалей яшчэ ўспела паглядзець. Як у Расіі быць? Пры Леніну як у тунелі: перайдзі свет і ўсе ідуць на той свет. Пры Сталіну, як у трамваі: хто сядзіць, хто спіць, хто стаіць, усе дрыжаць. Пры Хрушчову, як у самалёце: каго ташніць, каго рвёт. Пры Брэжневу як у таксі: чым далей, там дарожэй.

***

Як моя свадзьба была, бацько кажа: «Прыідуць жэ сваты і молодые за столом. Трэба ж молодый з молодым перэпіцеся. Дзе тые водкі взяці?» Просо було мніго. Бацько берэ просо, йедзе до Мотоля. З того проса наробыў мешок просяных круп. Той мешок круп завіз до Пінска. Жыды далы 10 чэцверціночок водкі.

Сваты прыіхалы з жэніхом. Посадзілы за стыл. Бацько тую чэцверціночку одну поставіў. І далы маленькі стопочкі. Трэба жэніху налыці стопочку і ля менэ стопочку. І мы коб стукнуліся і попілы. За столом мій жэніх, а я коло стола стою. В вэлюн убрана. Стукнулыся. Він ужэ дзівлюся і п’е, і выпіў. Сват кажа: «Уленка, беры ж выпей. Это трэба выпіці». Я яе до губэй. А она шчо огонь! Пячэ. У менэ з роду ж не було это во рту. Я і поставіла на стол. Сваты кажуць: «Уленка, такі ж выпей-выпей». Я кажу: «Спасібо, я не можу». І так і покінула.

Экспедыцыя па вёсках Маладзечанскага раёну, лета 2017 г. Фота Касі Ляўдацкай

Перэменілося всё на свеце. Цепэр і по целевізору ўжэ поналівалы, пʼюць і дзеўкі, і мужчыны, усім поналывалы. А я некотары раз як подзівлюся, кажу: «Нашчо вы ўчыце людзей? Нашчо тая навука?»

***

Экспедыцыя па вёсках Маладзечанскага раёну, лета 2017 г. Фота Касі Ляўдацкай

Я ездзіла на гусенічным трактары. Там 2 рычага. Прыцэпшчык ззаду сядзеў рэгуліроваў глубіну. […] Муж буў брыгадзіром тракторной брыгады. Я прыйду до яго, есці прынесу. Да кажу, ты покушай, а я поездзю на тракторы. Усё надо было ўмець. Раньшэ еслі ты комуніст, прытом сталінскі комуніст, ты должен буў всё знаці і ўмеці, і некого наўчыці. А я сталінскі комуніст. У 49-м году вступіла ў парцію.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў