Беларусам стала лягчэй набыць новы аўтамабіль


Продаж новых аўтаў расце, бо патаннелі крэдыты.

Паводле Белстату, у першыя шэсць месяцаў года ў Беларусі было прададзена 16 818 аўтаў (за аналагічны перыяд летась – 11 393). Адначасова продаж ужываных легкавых аўтаў скараціўся на 8,8 % (да 2709 машынаў).

Продажы аўтамабіляў павялічылі дылеры ўсіх брэндаў, якія прысутнічаюць у Беларусі. Тройка лідараў – «Renault», «Лада» і «Volkswagen».

Большасць беларусаў усцяж не маюць поўнай сумы для набыцця аўтамабіляў за наяўныя: паводле звестак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, ад 50 % да 70 % легкавых аўтамабіляў у залежнасці ад брэнду прадаецца ў крэдыт або перадаюцца ў лізінг. Патанненне крэдытаў і стала прычынай росту попыту на аўтарынку, адзначае ў размове з БелаПАН старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.

«Дзякуючы гэтаму набыццё новых аўтамабіляў для насельніцтва стала больш цікавым варыянтам, чым купля аўтамабіляў з прабегам», – кажа Міхневіч.

Найпапулярнейшыя ў беларусаў аўты – седаны коштам да $ 12–14 тысячаў і пазадарожнікі да $ 17 тысячаў і вышэй. Агулам, 80 % новых аўтаў, якія прадаюцца ў Беларусі, каштуюць да $ 20 тысячаў.

Каля 80 % аўтамабіляў, якія прадаюцца ў Беларусі, – расейскай вытворчасці.

Упершыню ў дзясятку найбольш прадаваных патрапіў «Geely». Экспертам, аднак, складана сказаць, ці аўты беларускай зборкі стануць лідарам.

«Канкурэнцыя на аўтамабільным рынку вельмі высокая, і яна будзе ўзмацняцца», – дадае Сяргей Міхневіч.

Афіцыйны вытворца «Geely» у Беларусі – кампанія «Belgee», якая ў лістападзе 2017 года адкрыла паміж Барысавам і Жодзіна завод, дзе збіраецца выпускаць па 60 тысячаў машынаў у год.

ДД

Глядзі таксама
Каментары