Беларусам не будуць выдаваць амерыканскія візы ў Расеі


Амерыканская мара – яшчэ далей ад беларусаў. Праз дыпламатычныя войны Расеі і ЗША атрыманне нашымі суайчыннікамі неіміграцыйнай візы ў ЗША ўскладнілася. Амерыканская амбасада ў Маскве і консульства ў Санкт-Пецярбурзе адмяняюць прыём заявак ад грамадзянаў Беларусі. Адпаведная інфармацыя зʼявілася на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы ўстановаў.

«Сумоўі для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія падалі заяву на неіміграцыйную візу ЗША і ўжо аплацілі консульскі збор, будуць пераназначаныя. Мы рэкамендуем грамадзянам Рэспублікі Беларусь звярнуцца ў справе праходжання гутарак для атрымання неіміграцыйных візаў у амбасады ЗША ў Варшаве, Кіеве ці Вільні», – напісана на старонцы амбасады.

21 жніўня зранку місія ЗША распачала працэс адмены сумоўяў на атрыманне неіміграцыйных візаў. З 23-га жніўня прыпыняць працэдуру выдачы ўязнога дакументу. Прычынаю такіх захадаў сталася пастанова Масквы з 1-га верасня скараціць колькасць працаўнікоў амерыканскай дыпламатычнай місіі на 700 чалавек.

Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў ужо заявіў, што «Расея не будзе зрываць зло на грамадзянах ЗША праз рашэнне амерыканскай амбасады прыпыніць выдачу неіміграцыйных віз расейцам».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў