Беларусам могуць забараніць піць у клубах і на дыскатэках...


Беларускі парламент «ламае галаву» над Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры.

Кодэкс будзе рэгуляваць усе пытанні звязаныя з гісторыка-культурнай спадчынай і археалагічнымі помнікамі. Праводзіць раскопкі, напрыклад, можна будзе толькі з дазволу Акадэміі навук і толькі тым, хто працуе ў навуковай арганізацыі ці музеі. У дакуменце закранаецца праца музеяў, народных майстроў… Не абмінулі кінематограф і музыку. І распісалі, хто і як можа арганізоўваць культурна-масавыя мерапрыемствы.

Сярод шэрагу новаўвядзенняў ёсць артыкул, які абавязвае арганізатараў дыскатэк «не дапускаць прысутнасці грамадзянаў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага апянення».

Выходзіць, што ў нецвярозым выглядзе цябе не толькі не пусцяць у клуб, але і не дазволяць выпіць ўжо ўнутры? Бо «прысутнічаць» на мерапрыемстве п’яным будзе нельга, піша kp.by.

З тым, што лічыць дыскатэкай, таксама не ўсё проста. У кодэксе гэта «танцавальная і (або) забаўляльная праграма, якая суправаджаецца публічным выкананнем музычных твораў выканаўцамі». У тым ліку з дапамогай тэхнічных сродкаў, з паказам фільмаў, правядзеннем культурніцкіх мерапрыемстваў, гульняў. Па вялікім рахунку, гэта любы канцэрт ці вечарынка з танцамі і дыджэем.

«Баюся, калі гэты пункт сапраўды прымуць, нам прыйдзецца зачыніцца, – мяркуе ўладальнік менскага клубу. – Гэта ж маразм. Спачатку ў нас збіраюцца прывіваць культуру піцця і падымаюць цэны на гарэлку ва ўстановах. А цяпер, наадварот, забараняюць? Так хутка і каменданцкую гадзіну ўвядуць».

Праект «культурнага кодэксу» трапіў у Палату прадстаўнікоў яшчэ летам. Кодэкс не мае сусветных аналагаў. Ініцыятарам яго стварэння выступіў Савет міністраў Беларусі.

Паводле Міністэрства культуры, цяпер пункт 12.3 (пра які ідзе гаворка), сапраўды, датычыць начных клубаў. Да наступнага чытання ў парламенце (вясна/восень 2016 г.) гэты пункт будзе перагледжаны, паведамілі kp.by у Міністэрстве культуры.

ЮВ, belsat.eu, паводле kp.by

Стужка навінаў