Беларусафобам з «Рэгнуму» выставілі канчатковае абвінавачванне за распальванне нацыянальнай варожасці


Расследаванне гэтай крымінальнай справы набліжаецца да завяршэння, паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

«Днямі выставілі абвінавачванне тым фігурантам, якія цяпер пад вартаю, гэта Алімкін, Паўлавец і Шыпценка. Калі казаць па персаналіях, то Алімкіну выстаўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 130 КК Беларусі (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні). Паўлавец абвінавачваецца па двух складах – гэта ч. 1 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) і ч. 3 арт. 130 КК. Шыпценка аналагічна абвінавачваецца па тых жа двух артыкулах – ч. 1 арт. 233 ч. 3 арт. 130 КК», – сказала Юлія Ганчарова.

Прадстаўніца СК дадала, што ў гэтай крымінальнай справы ёсць яшчэ адзін фігурант – гэта Юрый Баранчык.

«У дачыненні да яго завочна ўжылі меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, ён абвешчаны ў міжнародны вышук. Мы ведаем, што ён знаходзіцца на тэрыторыі Расеі», – праінфармавала Юлія Ганчарова.

У снежні Следчы камітэт затрымаў адразу трох калумністаў расейскіх выданняў «Рэгнум», «Lenta.ru» і «EADaily». Адзін з затрыманых – выкладчык БДУІР Юрый Паўлавец, другі – школьны ахоўнік з Берасця Дзмітрый Алімкін, трэці – менскі карэспандэнт «Рэгнум», галоўны рэдактар ​​часопісу «Новая эканоміка» Сяргей Шыпценка.

Паводле следства, вышэйзгаданыя асобы пад псеўданімамі пісалі артыкулы «антыбеларускага» зместу. Іхным куратарам ды рэдактарам быў Юрый Баранчык.

Баранчык неаднаразова крытыкаваў афіцыйны Менск за «прымусовую беларусізацыю». Раней Баранчык працаваў у аналітычным цэнтры Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў