Беларуса, якога затрымалі пасля страляніны ў офісе «Reuters», могуць арыштаваць


14 лістапада ў офісе міжнароднай медыякарпарацыі «Thomson Reuters» у Гдыні прагучалі два стрэлы. Паліцыя затрымала 30-гадовага беларуса.

16 лістапада пракуратура прад’явіла затрыманаму Сцяпану С. абвінавачанне паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу Польшчы «Замах на забойства».

17 лістапада суд прыме канчатковае рашэнне ў пытанні меры стрымання.

«Сцяпана не выпусцілі. Гэта ўсё, што я ведаю», – паведаміў Belsat.eu брат знаёмага Сцяпана С.

Беларуса затрымалі на 48 гадзінаў. Увечары 16 лістапада гэты тэрмін скончыўся. Пракурор мог вызваліць Сцяпана С., затрымаць яго на чарговыя 24 гадзіны або вызначыць у якасці меры стрымання часовы арышт.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Сцяпан С. прыйшоў у офіс «Thomson Reuters», дзе ён працаваў апошнія некалькі гадоў, з пісталетам «Glock» і даўгаствольнай зброяй. Беларус меў дазвол на зброю.

Паводле відавочцаў, мужчына ішоў па калідоры офіснага будынку са зброяй у руках, але не страляў. Стрэлы адбыліся, калі адзін з працаўнікоў кампаніі паспрабаваў забраць зброю.

У выніку страляніны ніхто не пацярпеў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адна куля трапіла ў ноўтбук працаўніка офісу, які адабраў зброю ў Сцяпана С, а другая ў столь.

Пацярпелым у следстве праходзіць чалавек, які абяззброіў беларуса.

Сцяпану С. можа пагражаць ад 8 да 25 гадоў турмы або пажыццёвае зняволенне.

Генеральны консул Беларусі ў Гданьску сустрэўся са Сцяпанам С., паведамілі tut.by у прэс-службе МЗС.

«Падчас гутаркі грамадзянін ніякіх скаргаў не выказваў. Ягоныя ўмовы ўтрымання звычайныя для такой сітуацыі. Наш генеральны консул таксама сустрэўся з прадстаўнікамі польскіх праваахоўных органаў і атрымаў ад іх запэўніванні, што польскі бок будзе інфармаваць Генеральнае консульства па магчымасці аператыўна і аб’ектыўна пра ход расследавання справы», – паведамілі ў прэс-службе.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў