Беларуса пакаралі за абразу роднай мовы


Гэта першы падобны прэцэдэнт за 17 гадоў. Апошні раз да адміністрацыйнай адказнасці за абразу беларускай прыцягвалі ў 1999 годзе (артыкул 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства аб мовах).

Пакарання (штраф памерам у чатыры базавыя велічыні) для жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых, які ў інтэрнэце неаднаразова зняважліва выказваўся пра беларускую мову, дамогся жыхар Гомлю Ігар Случак. Хлопец піша магістарскую дысертацыю на тэму «Прававыя асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь», таму, апроч адстойвання нацыянальных каштоўнасцяў, юрыдычная частка канфлікту яму была цікавая як частка яго навуковай працы.

Канфлікт пачаўся з каментара былога супрацоўніка сайта offside.by Дзмітрыя Шчарбатых на адной са старонак у сацыяльных сетках, дзе абмяркоўвалі новы білборд футбольнага клубу «Славія» з надпісамі на беларускай мове. Дзмітрый Шчарбатых пакінуў абразлівы каментар.

«Я прапанаваў чалавеку выбачыцца, але ён зрабіў выгляд, што дрэнна разумее беларускую мову і выбачацца не стаў, хоць і скончыў ВНУ», – паведаміў Ігар Случак.

Тады ён звярнуўся ў Мазырскі райвыканкам з просьбай прыцягнуць да адказнасці жыхара Мазыра згодна з артыкулам 9.22 КоАП (парушэнне заканадаўства аб мовах), за публічную абразу беларускай мовы. З выканкаму прыйшоў адказ, што з грамадзянінам праведзеная «прафілактычная гутарка».

Такі адказ не задаволіў Случака.

«Я зноў прапанаваў Дзмітрыю Шчарбатых выбачыцца, і ён зноў адмовіўся, і пачаў зняважліва выказвацца ў мой бок. Гэта гаворыць, што ён не «ўсвядоміў свае неправамерныя паводзіны». Таму я звярнуўся ў пракуратуру», – дадаў жыхар Гомлю.

Случак дадае, што ў жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых гэта была не першая абраза роднай мовы публічна, што можа даказаць скрыншотамі з розных старонак у сацыяльных сетках і на форумах.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары