Беларусь зноў нячэсная з Крамлём: прадае бензін пад выглядам бітуму


За апошні час Беларусь рэзка павялічыла экспарт бітуму, за продаж якога Менск не мусіць плаціць мыта ў Расею. Страты расейскага бюджэту ацэньваюць у межах $ 10-145 млн, падае выданне «Белорусы и рынок».

Толькі за першую палову 2014 года з Беларусі прадалі на Захад амаль 0,5 млн тонаў бітумных сумесяў, якія выкарыстоўваюць перадусім у будаўніцтве дарог. Гэта ў 182 разы больш, чымся за аналагічны перыяд 2013 года.

Высветлілася, што Беларусь экспартуе ў 7 разоў больш бітумных сумесяў, чым багатая на нафту Расея. Паводле звестак Белстату, за мяжу было прададзена ў два разы больш бітуму, чым вырабілі беларускія прадпрыемствы.

Пра тое, што Беларусь падмяніла бензін бітумам, сведчаць змены ў экспарце нафтапрадуктаў. Калі за першую палову 2014 года краіна прадала за мяжу больш на 0, 5 млн тонаў бітуму, то практычна настолькі ж знізіліся экспартныя пастаўкі бензіну і нафты.

Экспартуюць бітум прыватныя фірмы

«Экспартам нафтапрадуктаў з Беларусі займаюцца выключна прыватныя фірмы, а зусім не беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, – заўважыла экспертка ў энергетычных пытаннях Таццяна Манёнак. – Гэтак было і ў 2011 годзе, калі разбаўляльнікі прадавалі за мяжу толькі вызначаныя фірмы».

Сярод тых, хто цяпер экспартуе бітум, можа быць фірма Аляксандра Вараб‘я з Віцебскай вобласці, мяркуе экспертка. Гэты бізнесовец раней займаўся продажам разбаўляльнікаў, а нядаўна купіў бітумны завод. «Зусім не кожны бізнесовец можа імпартаваць нафтапрадукты з Расеі проста так, да таго ж гэты бізнес не патрабуе нейкіх спецыяльных тэхналогіяў», – заўважыла спадарыня Манёнак.

Выгады для Беларусі і шкода для Расеі

Выгады для нашай краіны ў тым, што фірмы, якія прадаюць «бітум» за мяжу, здабываюць для Беларусі валюту, якая вельмі важная для беларускай эканомікі ў час дэфіцыту валютных сродкаў, падкрэсліла знаўца.

Страты расейскага боку цяжка падлічыць, бо дакладна невядома, што Беларусь прадае пад выглядам бітуму – бензін ці мазут, велічыня мытаў за якія адрозніваецца. Расея ўжо заявіла пра стварэнне адмысловай камісіі, якая б ацаніла шкоду ад сумнеўнага экспарту.

«Цяжка акрэсліць, чаму ў Мытным Саюзе на адны прадукты ўвялі мыты, а на іншыя – не. Можа, гэта звязана з інтарэсамі асобных расейскіх чыноўнікаў або стымуляцыяй вызначанага віду прадукцыі. Беларускія прадпрымальнікі выкарысталі гэта ў сваіх мэтах. Улады Беларусі застаюцца ні пры чым, афіцыйна не зарабляючы на «левым» паліве. Пэўна, гэтым разам расейскія ўлады зноў зменяць заканадаўства і накладуць мыта на бітум», – прагназуе экспертка.

Бітум замяніў разбаўляльнікі

У 2011-2012 гадах Беларусь экспартавала на Захад рэкордную колькасць разбаўляльнікаў, за якія, у адрозненне ад бензіну, не трэба было выплочваць мыта. Тады аказалася, што паводле правілаў Мытнага саюзу, бензін, калі ў яго дадаць адпаведныя хімічныя элементы, можа лёгка ператварыцца ў «разбаўляльнік». У пачатку 2013 года кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з тым, што краіна атрымала вялікія прыбыткі ад продажу «растваральнікаў» і «разбаўляльнікаў», але адзначыў, што гэта быў цалкам «празрысты» працэс. Расея аднак наклала на разбаўляльнікі экспартнае мыта. Беларусь жа знізіла экспарт гэтых нафтапрадуктаў амаль да нуля. Крэмль у выніку перастаў выказваць прэтэнзіі ў гэтай справе.

З наступнага года РФ не будзе патрабаваць ад Расеі выплаты мыта за прадукты, зробленыя з расейскай нафты.

Якуб Бернат, belsat.eu

Стужка навінаў