Беларусь зацікаўленая ў патэнцыяле Усходняга партнёрства. Эксперт: «У Менску прагматычны падыход»


Усходняе партнёрства павінна быць карысным з пункту гледжання змякчэння рэгіянальнай напружанасці, заявіў Уладзімір Макей сёння падчас 10-й нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін – удзельніц Усходняга партнёрства.

Макей падкрэсліў, што гэтая сустрэча ў Менску першая пасля саміту Усходняга партнёрства ў Бруселі, дзе бакі ўхвалілі «вельмі карысны і вельмі амбіцыйны набор мэтаў да 2020 года». Рэалізацыю дамоўленасцяў абмяркуюць у кастрычніку ў Люксембургу.

«Я б пазначыў нашу сённяшнюю дыскусію як магчымасць абмеркаваць, наколькі мы прасунуліся ў вырашэнні найважнейшых пытанняў парадку дня перад сустрэчай у Люксембургу. Пазіцыя Беларусі застаецца нязменнай: для дасягнення поспеху Усходняе партнёрства павінна працаваць як практычны і неканфрантацыйны інструмент рэгіянальнага супрацоўніцтва, надаючы асаблівую ўвагу рэзультатыўнаму сінэргізму ў галінах, якія ўяўляюць агульны інтарэс», – цытуе Макея БелТА.

Міністр таксама заявіў, што УП карысна з пункту гледжання выбудоўвання мастоў, сцірання раздзяляльных ліній і змякчэння рэгіянальнай напружанасці.

«Агульнай праграмы для ўсіх шасці краін-удзельніц Усходняга партнёрства на постсавецкай прасторы няма, сёння Еўразвяз робіць акцэнт на двухбаковых дачыненнях з гэтымі краінамі.

У гэтым у Беларусі прагматычны падыход – Менск атрымлівае некалькі дзясяткаў млн долараў датацыяў ад ЕЗ, цікавіцца супрацай у сферах эканомікі, энергетыкі, змаганне са злачыннасцю, але ЕЗ разумее, што вялікіх зрухаў не будзе. Напрыклад, перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму ідуць вельмі цяжка і Макей гэта сам прызнае», – кажа палітычны аналітык Валер Карбалевіч у каментары belsat.eu.

Валер Карбалевіч

На думку эксперта, Беларусь не надта зацікаўленая ў тым, каб нашыя грамадзяне маглі свабодна перамяшчацца па Еўропе, таму пакуль цяжка прагназаваць, ці будзе дасягнутая дамоўленасць па візавым рэжыме. І гэта – не адзіная праблема для бакоў: дагэтуль не атрымалася ўхваліць пагадненне аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой.

З боку Еўразвязу ў сённяшняй сустрэчы ўдзел бралі Еўрапейскі камісар па палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕЗ Ёганэс Ган і намеснік Генеральнага сакратара Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў Жан-Крыстоф Бэльяр.

Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што высока ацэньвае ролю Ёганэса Гана ў нармалізацыі дачыненняў паміж Беларуссю і ЕЗ. Ён падкрэсліў, што бакі дасягнулі пэўнага «узроўню стабільнасці».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў