Беларусь заняла 110-е месца ў рэйтынгу мірнага і спакойнай жыцця


Міжнародная група «Institute for Economics and Peace» апублікавала чарговы штогадовы рэйтынг мірнага і спакойнага жыцця грамадзянаў у 162 краінах – «Global Peace Index». Беларусь заняла ў ім 110-е месца.

Беларуская пазіцыя ў агульным заліку значна лепшая, чымся ў Расеі ды Украіны, але значна горш, чым у іншых суседзяў, падае tut.by.

Польшча заняла ў рэйтынгу 19-е месца, Літва – 37-е месца, Латвія – 40-е месца.

Самымі небяспечнымі прызнаныя (з 151-га месца па 162-е) Нігерыя, Расея, КНДР, Пакістан, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Судан, Самалі, ЦАР, Паўднёвы Судан, Афганістан, Ірак. Самая небяспечная для жыцця краіна – Сірыя.

Краіны з высокім узроўнем небяспекі ідуць са 116-га па 150-е месца. Напрыклад, Украіна на нізкім, памежным, 150-м месцы. У гэтым жа сегменце размешчаны Лівія, Ізраіль, Емен.

У топ-5 самых бяспечных краін для жыцця ўвайшлі Ісландыя, Данія, Аўстрыя, Новая Зеландыя, Швейцарыя.

Рэйтынг складаецца на аснове 23 паказнікаў, сярод якіх улічваюцца памер экспарту ўзбраенняў, вайсковыя выдаткі, колькасць канфліктаў на тэрыторыі краіны, колькасць зняволеных у турмах, смяротнасць ад канфліктаў, магчымасць тэрактаў, палітычная нестабільнасць, непавага да правоў чалавека, колькасць вымушаных перасяленцаў, адносіны з суседнімі краінамі, даступнасць зброі для насельніцтва, колькасць ахоўнікаў і паліцыі. Адным з паказнікаў была таксама колькасць забойстваў.

Паводле Белсату, цягам апошніх пяці гадоў злачынстваў у Беларусі рэгіструюць усё меней: у 2010-м – 140 920, у 2014-м – 93 932. Аднак колькасць забойстваў у параўнанні з трыма папярэднімі гадамі вырасла.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Глядзіце больш пра крымінальную Беларусь у матэрыяле з інфаграфікай «Белсату»: Злачынстваў у Беларусі стала меней, а трупаў – болей

Яшчэ адзін паказнік, у якім выядзляецца Беларусь, – гэта колькасць праваахоўнікаў. На 100 тыс. насельніцтва ў Беларусі прыпадае 1442 працаўнікоў МУС. Сярэднесусветны паказнік складае 300 паліцыянтаў на 100 тыс. чалавек. ААН у сваю чаргу рэкамендуе 222 паліцыянтаў, а ў СССР было 214 міліцыянты на 100 тыс. насельніцтва, пісаў ej.by.

У Расеі на 100 тыс. жыхароў прыходзіцца 565 паліцыянтаў, у Літве на 100 тыс. чалавек – 325 праваахоўнікаў, а ў Польшчы ўсяго 261.

МЯ, паводле tut.by, ej.by

Стужка навінаў