Беларусь заклікала Паўночную Карэю не ствараць пагрозы ў свеце


Беларусь заклікае КНДР у сувязі з інфармацыяй аб выпрабаванні гэтай краінай вадароднай бомбы ўстрымацца ад дзеянняў, якія ствараюць пагрозу міжнароднай бяспецы. Пра гэта сказана ў каментары прэс-сакратара Міністэрства замежных справаў Дзмітрыя Мірончыка.

«Сёння Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка абвясціла пра ажыццяўленне падземнага выпрабавання вадароднай зброі. На жаль, гэтыя дзеянні зʼяўляюцца парушэннем шэрагу адпаведных рэзалюцый Рады бяспекі ААН. Рэспубліка Беларусь, будучы адной з нямногіх краін, якія добраахвотна адмовіліся ад валодання ядравай зброяй, нязменна выступае за ўмацаванне міжнароднага рэжыму нераспаўсюджання», – адзначыў Мірончык.

Паводле яго слоў, беларускі бок упэўнены, што сапраўдны і ўстойлівы мір можа быць дасягнутыя толькі ў працэсе перамоваў, «на аснове партнёрства паміж краінамі і без апоры на зброю масавага знішчэння».

«Ізноў заклікаем КНДР забяспечыць няўхільнае выкананне рашэнняў Рады бяспекі ААН і ўстрымацца ад далейшых дзеянняў, якія могуць прывесці да эскалацыі напружанасці на Карэйскім паўвостраве, стварыць пагрозу міру, рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы», – адзначыў Мірончык.

Аб паспяховым правядзенні выпрабавання вадароднай бомбы, «вырабленай на аснове айчыннай тэхналогіі», паведаміла раніцай 6 студзеня Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Паўночнай Карэі. Як паведамляе ТАСС, на ўсходзе Паўночнай Карэі раніцай быў зафіксаваны магутны землятрус у раёне ядравага палігона. Правесці ў краіне выпрабаванне вадароднай бомбы лідар КНДР Кім Чэн Ын загадаў 15 снежня мінулага года.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў