Беларусь. З «молатам», ці з «кавадлам»?


Падчас халоднае вайны ў мінулым стагоддзі, паміж сацыялістычным блокам і Паўночна-атлантычным альянсам не было такога нейтральнага буферу, як сябе намагаецца паказаць Беларусь. Ці сапраўды Менск зможа застацца нейтральным у новай халоднай вайне і хто больш небяспечны для Беларусі – заходні збройны альянс, ці ваяўнічы ўсходні хаўруснік?

Афіцыйны Менск рэгулярна нагадвае, што ў выпадку чаго ў стане абараніцца ад вонкавай агрэсіі. А беларускі лідар, звычайна напярэдадні візітаў у Маскву, тлумачыць, што бараніць гэтыя танкі будуць ня толькі Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«У выпадку канфлікту яны першымі ўступаюць у бой і цягам кароткага часу сюды падцягваюцца часткі з Захаду Расейскай Федэрацыі».

Здаецца, што на Заходніх межах нашага хаўрусніка, толькі чакаюць такога сцэнару – Крэмль цягам апошніх год істотна павялічыў там вайсковы патэнцыял. Напярэдадні чэрвеньскіх манеўраў з удзелам краінаў альянсу ў Бранск дэманстратыўна скіравалі 28-ую механізаваную брыгаду. Ці ў НАТО, падступнай атакі якога нібыта чакаюць у Маскве і ў Менску разглядаюць Беларусь, як асобнага гульца ў новай халоднай вайне?

Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік:

«НАТО асобна Беларусь не ўспрымае. Галоўны гулец для іх Расея. У прынцыпе супрацьстаянне гэтых двух буйных блокаў – расейскага і блоку НАТО, можа ўцягнуць Беларусь, як маленькі човен у буйной рацэ»

А супрацьстаяння афіцыйны Менск пазбягае як можа. Нягледзячы на хаўрусніцкія завярэнні, Лукашэнка фактычна адмовіў у стварэнні расейскай авіябазы ў нашай краіне. І хаця назваць нашую краіну нейтральнай у гэтым халодным супрацьстаянні цяжка, беларускія ўлады намагаюцца манеўраваць, не выходзячы за межы ролі надзейнага хаўрусніка.

Дзяніс Мельянцоў, старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«Гаворка вядзецца пра сітуацыйны нейтралітэт, як да прыкладу па ўкраінскім пытанні, або па прызнанні грузінскіх тэрыторыяў, якія былі ад яе адлучаныя пасля расейска-грузінскай вайны. Афіцыйны Менск канешне зацікаўлены ў балансаванні, гэта балансаванне магчымае, але ёсць пэўныя чырвоныя рысы, якія перакрочваць нельга »

Так да прыкладу Беларусь не можа выйсці з дамовы аб калектыўнай бяспецы – АДКБ, без жорсткай рэакцыі Крамля. Бо нават нейтральная пазіцыя Менску ў Маскве часцяком успрымаецца нервова. У выніку такой, а не іншай вонкавай палітыкі, шмат хто з Беларусаў таксама мяркуе, што менавіта з боку НАТО Беларусі пагражае збройная небяспека. Падпалкоўнік у адстаўцы Мікола Статкевіч узгадвае, што да аперацыі альянсу ў Сербіі сітуацыя выглядала інакш.

Мікола Статкевіч, падпалкоўнік у адстаўцы, экс-кандыдат на прэзідэнта:

«З 9 % адсоткаў беларусаў, якія лічылі НАТО пагрозай – Расею тады лічылі пагрозай дванаццаць адсоткаў, я гэтую сацыялогію памятаю, сітуацыя кардынальна памянялася – негатыўна да НАТО пачала ставіцца значная частка беларускага грамадства».

Паводле апытання Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, прыкладна кожны пяты беларус падтрымлівае дзеянні Крамля, прыхільнікаў заходняга блоку – у два з паловай разы менш. Пры гэтым амаль шэсцьдзесят адсоткаў беларусаў выступае за поўны нейтралітэт нашае краіны. Падобным чынам раздзяліліся прыхільнасці ў выпадку гіпатэтычнага збройнага канфлікту. Нейтралітэт жаданы, паціскаюць плячыма адмыслоўцы, але ў выпадку эскалацыі канфлікту ад хаўрусніцкіх абавязкаў беларускія ўлады не ўцякуць. А значыць нічога добрага ад сённяшняга саміту альянсу Беларусі чакаць не варта

Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік:

«Калі НАТО пачне павялічваць свой кантынгент на тэрыторыі Балтыі і Польшчы, хоць бы нават на ратацыйнай падставе – гэта змусіць Расею на нашых межах збіраць яшчэ большы кантынгент. Акрамя гэтага Расея можа змусіць Беларусь удзельнічаць у яе вайсковых прыгатаваннях».

НАТО адказвае Расеі на ейную агрэсію ўва Украіне, а пацярпець у выніку можа Беларусь, чые ўлады самыя пайшлі на збліжэнне з Крамлём. Суседзяў, вядома не абіраюць, але хаўруснікаў варта абіраць надзвычай асцярожна.

Матэрыял падрыхтаваны адмыслова для праграмы «Прасвет».

Ці Альянс пагражае Беларусі?

Матэрыял праграмы «ПраСвет». Іншыя тэмы:

– Ад Вашынгтона да Варшавы. Гісторыя НАТО

– На каго можа разлічваць польская «Анаконда»? Якія праблемы выявілі самыя вялікія вайсковыя манеўры ў посткамуністычнай Польшчы.

– Беларусь з молатам ці кавадлам? Пры якіх умовах магчымы канфлікт паміж Расеяй і НАТО з уцягваннем Беларусі?

– Ці Украіна, Грузія ды Малдова могуць схавацца пад парасон НАТО?

– Ці стасункі паміж НАТО ды Расеяй могуць стаць нармальнымі?

2 вялікія інтэрвʼю, якія падсумоўваюць саміт:

– Андрэй Паротнікаў, беларускі вайсковы эксперт

– Рамуальд Шарамецьеў, экс-намеснік міністра абароны Польшчы.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Стужка навінаў