Грамадзянін Беларусі з картаю паляка зняважыў польскі сцяг


Затрыманы грамадзянін Беларусі. Фота – wprost.pl

35-гадовы грамадзянін Беларусі сарваў польскі сцяг з абеліску палеглым жаўнерам Арміі Краёвай (АК) і кінуў яго сваім сабакам, з якімі выйшаў на прагулку.

Інцыдэнт здарыўся 14 жніўня, напярэдадні Дня польскага войска на вуліцы Пенькна (Piękna) у Варшаве.

Паводле сведкі здарэння, мужчына зняў адзін з польскіх сцягоў, якія вісеў над абеліскам і кінуў яго двум сабакам. А пасля сам пачаў таптаць яго.

Жанчына, якая гэта заўважыла, патэлефанавала ў паліцыю. Мужчыну затрымалі.

У пастарунку паліцыі мужчына патлумачыў свае дзеянні тым, што яму надакучыла чуць пра жаўнераў Арміі Краёвай.

Пракуратура высунула беларусу абвінавачванне паводле артыкула 137 ч. 1 Крымінальнага кодэксу (знявага сцягу або іншага дзяржаўнага сімвалу). Мужчыне пагражае да 1 года турмы.

Паводле польскіх праваахоўнікаў, беларус мае «карту паляка» (дакумент, які пацвярджае прыналежнасць да польскага народу).

cez, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў