Чыноўніка, які на адкрыцці Паралімпіяды ўзняў расейскі сцяг, пакараюць


Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) ведае імя парушальніка правілаў адкрыцця гульняў. Ім быў рэкардсмен СССР у зімовым мнагабор’і Анрэй Фомачкін. Паводле BBC, яго чакае штраф.

Міністэрства спорту і турызму Беларусі адмаўляецца каментаваць учынак члена нашай паралімпіййскай зборнай.

Расейскія спартоўцы не змаглі прыняць удзел у Паралімпійскіх гульнях праз часовае адхіленне Паралімпійскага камітэту Расеі на падставе дакладу незалежнай камісіі WADA (Сусветнае антыдопінгавае агенцтва / World Anti-Doping Agency) аб дзяржаўнай падтрымцы ўжывання допінгу ў краіне.

Пасля рашэння аб адхіленні спартсменаў беларуская дэлегацыя напрыканцы жніўня паабяцала пранесці расейскі сцяг на цырымоніі адкрыцця ў знак падтрымання расейскіх паралімпійцаў. Аднак, як паведамлялі расейскія СМІ, МПК наўпрост забараніў беларусам гэта рабіць, заявіўшы, што падобныя паводзіны будуць расцэненьвацца як палітычны жэст.

Расейскі сцяг, які ўзняў член беларускай паралімпійскай зборнай ужо канфіскаваны, паведамляе ў сваім «Twitterʼы» спартовы журналіст Мэт Макгіхэн.

МЗС мяркуе, што беларус са сцягам Расеі на адкрыцці Паралімпіяды – гэта па-мужчынску

«Гэта ўчынак. Наш спартсмен паступіў сурʼёзна, па-таварыску і па-мужчынску. Калі за такія ўчынкі трэба адказваць, будзе адказваць», – заявіў начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Паралімпійскія гульні праходзяць у Рыа-дэ-Жанейра з 7 па 18 верасня.

Андрэй Фомачкін – майстар спорту міжнароднага класа, пераможца і прызёр Спартакіяды народаў СССР (1986 года), рэкардсмен СССР у зімовым мнагаборʼі.

53-гадовы спартыўны функцыянер працаваў трэнерам-выкладчыкам СДЮШАР Менскай вобласці, займаў шэраг кіруючых пастоў у дзяржаўных і камерцыйных арганізацыях, з 2007 года ў дырэктараце нацыянальных каманд, з 2008 па 2010 год – памочнікам міністра спорту і турызму, з 2010 па 2012 год – старшынёй дырэктарата нацыянальных каманд па відах спорту Міністэрства спорту і турызму.

Фота: REUTERS/Sergio Moraes

ЮВ, belsat.eu, паводле ВВС, interfax.by

Стужка навінаў