«Беларусь як сталь выходзіць праз горн». Юры Жыгамонт правёў занятак для школьнікаў


Вершам «Пагоня» знакаміты тэлевядоўца і актор Юры Жыгамонт распачаў занятак «Чытаем па-беларуску», які зладзілі для гарадзенскіх малодшакласнікаў у сценах сеймавага палацу.

Горадня і Гарадзенская вобласць сталіся чацвёртым рэгіёнам, куды прыехаў адмысловы дэсант у складзе дзіцячых пісьменнікаў. Але ў горадзе над Нёмнам акцыя наўмысна была прымеркаваная да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, які правёў тут першыя гады свайго жыцця.

«У межах сацыяльнай адказнасці бізнесу перад будучыняй краіны нашая кампанія выбрала кірунак падтрымання беларускай самаідэнтычнасці, – адзначыла каардынатарка праекту Катажына Валкоўская. – Мы вырашылі нацэліцца акурат на дзяцей малодшых класаў, бо менавіта ў такім узросце пачынаюць развівацца каштоўнасныя паняткі. Нашым 45-хвілінным заняткам мы стараемся пасеяць тое зярнятка беларушчыны, якое мажліва ў некага калісьці прарасце ды схіліць да любові і павагі да беларускага слова, літаратуры».

Падчас чытанняў Юры Жыгамонт дэкламаваў «Пагоню», дзеці – «Лявоніху» і Санет».

Юры Жыгамонт прызнае, што такія акцыі радыкальна ня зменяць праблемы з роднай мовай у краіне, аднак бачыць і вялікае значэнне ў такіх занятках.

«Важней праз такія мерапрыемствы прыцягваць увагу да самой праблемы, даць задумацца грамадзянам над элементарным: як гэта – у нас дзве дзяржаўныя мовы, а ў рэчаіснасці адна ды і тая чужая. У незалежнай краіне родная мова не на самым пачэсным месцы! Але ў кантэксце вечнасці нам трэба прайсці гэты шлях, які ўласна праходзілі ўсе народы. Калі жалезную руду кідаюць у печ, пазней адтуль выходзіць сталь і шлак. Дык вось цяпер Беларусь праходзіць праз гэты горн. Паволі выплаўляецца Беларусь. Так, слабая руда – многа шлаку выходзіць. Але і шлак не выкідаюць жа – ён ідзе на падсыпку дарог, на ўтрамбоўку грунту».

«Самой прыродай, генамі закладзеная асаблівая схільнасць артыкуляцыйнага апарату так, каб кожны прадстаўнік народу мог лёгка карыстацца фанетыкай і мелодыкай роднай мовы, – мяркуе пісьменніца Алена Масла. – Менавіта таму, як бы мы не стараліся размаўляць якой-кольвек чужой мовай – усё адно заўжды ў нас пазнаюць беларусаў».

Апошнім часам кампанія «Velcom« дае добры прыклад іншым кампаніям падобнымі акцыямі. Пасля Горадні кампанія «Чытаем па-беларуску» чакаецца ў Магілёўскай і Віцебскай вобласцях.


Глядзіце ўсе фота з падзеі:

Ян Лялевіч, belsat.eu

Стужка навінаў