Беларусь выпусціла ідэальны пісталет для нашэння пад вопраткай


Важыць беларускі пісталет 460 грамаў. Фота – БЕЛТА.

Канструктар зброі заяўляе, што ня ведае аналагаў гэтага пісталету ў свеце.

Пісталет ПСН-В распрацавала кампанія «Белспецзнештэхніка». «Пісталет спецыяльна распрацаваны для аператыўнага складу, – распавёў канструктар першага беларускага пісталета Ігар Васільеў агенцтву «БЕЛТА». – Ён спатрэбіцца там, дзе неабходна схаванае нашэнне пад лёгкай грамадзянскай формай адзення».

Пісталет упісваецца ў габарыты расейскага пісталета ПСМ, але мае калібр не 5,45 мм, а 9 мм. Беларускую зброю вылучаюць кампактныя габарыты і буйны калібр. У пісталета вельмі нізка размешчаны ствол адносна далоні, што змяншае яго падкід. За кошт правільных суадносінаў ствала і засаўкі аддача ўспрымаецца мякчэй.

«Пры гэткай таўшчыні пісталета яго магутнасць значна большая. Аналагічнага такой зброі я не ведаю», – кажа Васільеў.

Зброя прайшла пробныя стрэльбы. Наперадзе – праверка на трываласць – пісталет павінен без паломак адстрэліць не менш за 5 тыс. Разоў – і дзяржаўныя выпрабаванні.

Выстава зброі і ваеннай тэхнікі MILEX праходзіць у Менску ў восьмы раз. Учора Беларусь прадставіла на ёй новы танк Т-72БМЭ – глыбока мадэрнізаваны савецкі Т-72.

ДД

Глядзі таксама
Каментары