Спачатку пазычалі на выплату заробкаў на дзяржаўных прадпрыемствах. Цяпер – ужо толькі на тое, каб заплаціць адсоткі за старыя крэдыты. За апошнія 10 гадоў дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся ў 20 разоў.
Цяпер дзяржаўны доўг складае $ 18 млрд. – прыблізна 40 % ад памеру айчыннай эканомікі. А разам з пазыкамі дзяржаўных прадпрыемстваў – каля $ 40 млрд. Гэта ўжо блізка да ўсяго абʼёму валавога ўнутранага прадукту Беларусі.
«Выплаціць можна, але, пры гэтым, прыйдзецца расплачвацца маёмасцю або дастаткова высокімі падаткамі з насельніцтва», – тлумачыць Леанід Заіка, прафесак эканомікі.
Згодна з падлікамі прафесара, кожны працаздольны Беларус вінен цяпер $ 8000 і штогод плаціць за іх адсоткаў на $ 600 долараў у эквіваленце – у выглядзе зніжэння заробкаў і росту коштаў.
«У звычайным правінцыйным горадзе беларус атрымлівае дзесці $ 1200 на год. Калі б ён атрымліваў у дадатак яшчэ $ 800, то ён бы мог нармальна пражыць. Але амаль палову свайго заробку ён, атрымліваецца, выплочвае нікуды»,
«Я ня ведаю нават куды гэтыя грошы з крэдыту пайшлі, куды яны дзеліся»
«Ідзе развіццё інфраструктуры, харашэюць нашыя вуліцы, тобок дзяржава ўкладае нейкія грошы. іншая справа, што, хацелася б, каб дабрапыт наш пры гэтым падымаўся»,
– выказваюцца менчукі.
Адмыслоўцы Міжнароднага валютнага фонду канстатуюць – з кожным годам даўгавая нагрузка на беларусаў будзе павялічвацца.
Іншымі словамі, каб выплочваць хаця б адсоткі па замежных пазыках, ураду з кожным годам даводзіцца забіраць з эканомікі ўсё больш рэсурсаў. Прычым, самастойна разлічвацца за гэтыя пазыкі нашая краіна ўжо не можа. На выплаты адсоткаў за старыя крэдыты прыходзіцца браць новыя пазыкі.
Цяпер улады вядуць перамовы з Міжнародным валютным фондам пра тое, каб ён дапамог Менску налета выплаціць адсоткі па старых крэдытах. Паводле праекту бюджэту краіны, гэта адзін $ 1 250 000 000 толькі за фармальную дзяржаўную запазычанасць.
У выпадку станоўчага адказу нашая эканоміка атрымае перадых, неабходны на правядзенне рэформаў, якія дазволілі б пачаць выплочваць не толькі адсоткі, але і самі крэдыты. Перамовы, аднак, ускладняюцца сумневамі МВФ у тым, што ўлады маюць жаданне і здольнасць ажыццявіць гэтыя рэформы.
Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота – Reuters