Беларусь выдала Азербайджану блогера Лапшына. Яму далі тры гады турмы


Лапшын (пасярэдзіне) прызнаў сваю віну часткова. Фота – 1news.az

Аляксандра Лапшына прысудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму за наведванне Карабаху.

Азербайджанскія ўлады прад’явілі блогеру абавінавачванне паводле артыкулаў «адкрытыя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы» і «незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы».

Выступаючы з апошнім словам, блогер сказаў, што «перад азербайджанскім народам ягоная віна толькі маральная, ні ў якім разе не ў прававой плоскасці».

«Я разумею, наколькі Карабах важны для Азербайджана, – заявіў Лапшын. – Ні пры якіх умовах я не ўступаў у злачынную сувязь з армянскімі ўладамі».

Напрыканцы 2016 года Лапшына затрымалі ў Менску паводле запыту Азербайджана, які ўключыў яго ў «чорны спіс» за наведванне Нагорна-карабахскай рэспублікі без узгаднення з уладамі.

7 лютага блогера ў суправаджэнні працаўнікоў Службы дзяржаўнай бяспекі Азербайджана даставілі ў Баку, нягледзячы на пратэст Расеі і Ізраіля (Лапшын – грамадзянін абодвух краінаў). Незадаволеныя галасы былі чуваць і ў Арменіі: дэпутаты парламенту прапанавалі адклікаць з Беларусі амбасадара.

8 лютага прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў патэлефанаваў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку ды падзякаваў за выдачу блогера.

ДД

Глядзі таксама
Каментары