Беларусь узнагародзіла ордэнам Скарыны былога амбасадара Ватыкану


Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, які цяпер зʼяўляецца Апостальскім Нунцыем ва Украіне, атрымаў у Кіеве ад уладаў Беларусі ордэн Францішка Скарыны – «за значны асабісты ўклад у развіццё культурнай спадчыны паміж Беларуссю і Ватыканам».

Фота кс. Максіма Рабухі SDB

Арцыбіскуп Гуджэроці быў прадстаўніком Апостальскага Пасаду ў Беларусі з 15 ліпеня 2011 года па 13 лістапада 2015 года.

Гуджэроці вывучаў беларускую мову цэлебраваў святую Імшу па-беларуску, а таксама неаднаразова заклікаў беларускіх вернікаў і духавенства шанаваць і бараніць беларускую мову.

Таксама прадстаўнік Папы вызначыўся апекаю над зняволенымі ў Беларусі. Іерарх наведваў палітычных зняволеных: Алеся Бяляцкага, Міколу Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Каваленку, Паўла Сырамолатава, Эдуарда Лобава. Арцыбіскуп перадаў ім вітанні Святога Айца і католікаў ды паведаміў вязням, што Касцёл моліцца за іх і іхныя сем’і.

Апостальскі Нунцый кожны год быў у Курапатах, дзе ў часы бальшавіцкай няволі былі расстраляныя дзясяткі тысяч жыхароў Беларусі. У Курапатах і ў Трасцянцы арцыбіскуп маліўся за загінулых і зніклых сыноў і дачок Беларусі, але таксама і за будучых яе дзяцей.

Ад імя кіраўніка Беларусі ўзнагароду іерарху ўручыў амбасадар Беларусі ва Украіне Ігар Сокал. У мерапрыемстве прыняў удзел Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, піша catholic.by.

Цырымонія прайшла ў Кіеўскім нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета.

Фота кс. Максіма Рабухі SDB

«Беларусь і надалей застаецца глыбока ў маім сэрцы са сваёй годнасцю, сваёй працавітасцю, сваёй гасціннасцю і сваёй цішынёй, якая напоўнена чуллівасцю і глыбінёй. Яна навучыла мяне разуменню таго, што народ вялікі не таму, што пра яго шмат кажуць, і нават не таму, што ён сам шмат кажа пра сябе, а вялікі ён тымі перлінкамі, якія захоўваюцца ў ягоным сэрцы», – сказаў у сваёй прмове Гуджэроці.

Напрыканцы прамовы, арцыбіскуп працытаваў верш Рыгора Барадуліна, скіроўваючы словы паэта да Беларусі:

Яе ўратавала ейная вера

Сказаў Ісус.

І ў сэрцы з Ісусам пайшла.

І сталася ў свеце няшэра.

І неба рунела зорным абрусам.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў