Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў


Беларусь становіцца больш адкрытай для замежнікаў

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ N 8 «Аб усталяванні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзянаў».

Дакумент усталёўвае бязвізавы ўезд праз пункт пропуску «Нацыянальны аэрапорт Менск» для грамадзянаў 80 дзяржаваў, паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Указ распаўсюджваецца на 39 краінаў Еўропы, уключаючы ўвесь Еўразвяз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і іншыя дзяржавы. Новыя правілы ахопліваюць і так званых «неграмадзянаў» Латвіі і асобаў без грамадзянства Эстоніі.

«Дакумент накіраваны на актывізацыю падарожжаў бізнесоўцаў, турыстаў, прыватных асобаў, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарты, і не будзе распаўсюджвацца на замежнікаў, якія ажыццяўляюць афіцыйныя паездкі: дыпламатычныя, службовыя, спецыяльныя і іншыя пашпарты, што да такіх прыраўноўваюцца, пад увагу брацца не будуць», – адзначыла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе сапраўдны пашпарт ці іншы дакумент для выезду за мяжу (які замяняе пашпарт), грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш чым 2 базавым велічыням), медычны страхавы поліс на суму не менш за 10 тыс. еўраў, які дзейнічае ў Беларусі.

Для грамадзянаў Вʼетнаму, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем зʼяўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕЗ або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіяквіткоў з пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорту Менск на працягу 5 дзён з даты ўезду.

Парадак бязвізавага перамяшчэння не распаўсюджваецца на асобаў, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расеі, а таксама тых, якія маюць намер ажыццявіць вылет у аэрапорты Расеі (дадзеныя рэйсы зʼяўляюцца ўнутранымі, памежны кантроль на іх не ажыццяўляецца).

Указ уступіць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары