Беларус увайшоў у ТОП-50 уплывовых людзей свету па версіі Bloomberg


Ігар Тульчынскі. Фота https://www.bloomberg.com

Наш зямляк Ігар Тульчынскі патрапіў у спіс 50-ці найбольш уплывовых людзей свету разам з кран-прынцам Саўдаўскай Аравіі Махамедам бін Салманам і амбасадарам ЗША ў ААН Нікі Хейлі. Ураджэнец Менску заснаваў і актыўна развівае інвестыцыйную кампанію WorldQuant, якая мае 26 аддзяленняў у 15 краінах.

Рэйтынг, які склала міжнароднае агенцтва фінансавай інфармацыі Bloomberg, улічвае 50 людзей у сферы бізнесу, фінансаў, палітыкі, тэхналогіяў і забаваў, якія тым ці іншым чынам вызначылі падзеі апошніх 12 месяцаў.

Ігар Тульчынскі нарадзіўся ў 1966 годзе ў Менску ў сям’і музыкантаў. Сямʼя эмігравала з СССР у ЗША ў 1977 годзе. Тульчынскі скончыў Тэхаскі ўніверсітэт у Остыне, атрымаў ступень магістра бізнес-адміністравання ў сферы фінансаў у ўніверсітэце Пенсільваніі. Затым ён працаваў у сферы высокіх тэхналогіяў – у тым ліку вывучаючы кампутарныя стратэгіі інвеставання.

Сваю фірму WorldQuant бізнесмен заснаваў у 2007 годзе. Цяпер фірма кіруе актывамі на суму 5 мільярдаў долараў – гэта прыкладна 10% валавога ўнутранага прадукту Беларусі.

Інвестыцыі праз Матрыцу

Фонд WorldQuant працуе на аснове алгарытмаў інвеставання, якія аналізуюць і прапануюць рашэнні праз апрацаванне вялікіх абʼёмаў дадзеных. Шукаючы заканамернасці ў дадзеных па ўсім свеце, кампанія распрацавала бізнес-мадэль, якая абʼядноўвае сотні спецыялістаў з універсітэцкай адукацыяй і ступенямі для аналізу штодзённых падзеяў сусветнай эканомікі.

«Кампанія Ігара Тульчынскага WorldQuant знаходзіцца на перадавой новага адраджэння колькасных метадаў інвеставання, у якіх галоўнае значэнне мае здольнасць зразумець значэння мільярдаў бітаў інфармацыі ў рэальным часе», – пісала пра менчука ў гэтым годзе галоўная бізнес-газета ЗША The Wall Street Journal.

WorldQuant пачала год з 4 мільёнамі алгарытмаў прагназавання гульні на біржы і плануе закончыць яго з 6 мільёнамі, узмацняючы сваю рэпутацыю ўзыходзячай зоркі сярод колькасных хедж-фондаў, паведамляе Bloomberg.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары