Беларусь уваходзіць у 20-ку сусветных экспарцёраў зброі


"Паланез" на выставе MILEX-2017. Фота – Лявон Каржакевіч

Старшыня Дзяржкамваенпрама Беларусі Алег Двігалёў распавёў, што аб’ём вытворчасці прадпрыемстваў абароннага сектара ў 2017 годзе вырас на 25%.

Двігалёў, у прыватнасці, паведаміў, што паспяхова прайшлі выпрабаванні абноўленай ракетнай сістэмы залпавага агню «Паланэз» – гэтым комплексам ужо зацікавіліся партнёры па АДКБ. Паводле Двігалёва, на 2018 год стаіць задача экспарту «Паланэзаў» – у тым ліку ў далёкае замежжа. Прадаюцца за мяжу таксама сістэмы радыёэлектроннай барацьбы «Навальніца-З» і «Оптыма-Б».

Як распавёў Двігалёў, на сённяшні момант беларускую прадукцыю купляюць у 69 краінах свету (па стане на 2016 год – 60 краінаў). Адзін з асноўных рынкаў – Расея, дзе запатрабавана прадукцыя Менскага завод каловых цягачоў, на базе якой ствараюцца сістэмы СПА і ракетныя комплексы для ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Лёгкабранявую тэхніку 140-га заводу, у тым ліку такія навінкі, як «Кайман» і V-1, набываюць не толькі беларускія ўзброеныя сілы, але і адна з афрыканскіх краін.

У 2017 годзе сума беларускага экспарту ўзбраенняў перавысіла мільярд USD, што на 15 % больш за паказнік папярэдняга года. Старшыня Дзяржкамваенпрама адзначыў, што паводле ацэнак сусветных ведамстваў на рынку ўзбраенняў Рэспубліка Беларусь уваходзіць у 20-ку сусветных экспарцёраў узбраення.

 

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Глядзі таксама
Каментары