Беларус упершыню праплыў стометроўку брасам менш, чым за хвіліну


Ілля Шымановіч усталяваў новы беларускі рэкорд.

На буйных міжнародных спаборніцтвах па плаванні ў Берасці Ілля Шымановіч паказаў вынік 59.97.

На чэмпіянаце краіны выступілі ўсе наймацнейшыя (па-за Паўлам Санковічам) беларускія плыўцы, а таксама спартоўцы з Украіны, Латвіі, Літвы, Кыргызстану, Азербайджану ды Расеі. Удзельнічала ў спаборніцтвах і зоркі беларускага плавання – Аляксандра Герасіменя і Яўген Цуркін. На дыстанцыі 100 метраў вольным стылем Цуркін і Арцём Мачэкін паказалі абсалютна аднолькавы час – 49.71 і абодва падняліся на вышэйшую прыступку п’едэстала.

Аляксандра Герасіменя (у чырвоным) назірае за выступам свайго хлопца, плыўца Яўгена Цуркіна.

Чэмпіянат у Берасці быў адборачным да ліпеньскага чэмпіянату свету ў Будапешце, і нашы плыўцы паказалі, што ў Вугоршчыне маюць добрыя перспектывы.

Заўзятары падтрымліваюць беларускую зборную на турніры ў Берасці.
Заплыў на 100 метраў вольным стылем.

Героем спаборніцтваў стаў 22-гадовы мянчук Ілля Шымановіч – самы перспектыўны на сёння плывец краіны. Летась Шымановічу не хапіла зусім крыху, каб трапіць на Алімпіяду ў Рыа, зараз жа спартовец заходзіць на новы алімпійскі цыкл, другі ў ягонай кар’еры. У Берасці Ілля паказаў два ўнікальных вынікі. Упершыню ў гісторыі беларускага плавання на стометроўцы брасам была пераадоленая мяжа ў адну хвіліну. Ілля Шымановіч праплыў яе з вынікам 59.97.

А затым Ілля паказаў другі вынік сезона ў свеце – праплыў 50 метраў брасам за 29.96 і ўсталяваў новы нацыянальны рэкорд, які ніхто не мог пабіць цягам васьмі гадоў.

Додалеў, Цуркін і Шымановіч на цырымоніі ўзнагароджання.

«Перад стартам чэмпіянату ў мяне былі пазітыўныя чаканні, што выступлю паспяхова. У выніку ўсё склалася выдатна, але што ўсё настолькі добра – я не чакаў. Толькі жартаваў, што размяняю хвіліну, але ў выніку, як аказалася, немагчымае стала магчымым«, – сказаў Шымановіч.

Ілля Шымановіч – у цэнтры.

На пытанне, якія высновы зрабіў Шымановіч і ягоны трэнер пасля таго, як спартовец не патрапіў на Алімпіяду, Ілля сказаў, што ў падрыхтоўцы нічога не змянялі.

«Нічога не мянялі, мы з трэнерам робім усю тую працу, што і рабілі перад Алімпіядай. Хіба што больш увагі надаем тэхніцы, – кажа Шымановіч. – Я не стаўлю перад сабой задач абавязкова заняць пэўнае месца, усталяваць нейкі рэкорд. Я спакойна працую над сабой, над паляпшэннем асабістага выніку. Тут усё проста – будзеш атрымліваць задавальненне ад сваёй працы, будзеш добра яе рабіць – вынікі пойдуць угару, а значыць, будуць перамогі і рэкорды».

Алесь Ляўчук, фота – Мілана Харытонава

Глядзі таксама
Каментары