Беларусь у ядравай гонцы ЗША і Расеі

Wideo

Міністэрства абароны ЗША сфармулявала свае новыя прынцыпы ядравага ўзбраення ў гэтак званым Аглядзе ядравай палітыкі.

«Мы павінныя захаваць нашую ўпэўненасць, зрабіўшы яе сучаснай. Агляд ядравай палітыкі заклікае мадэрнізаваць ядравую трыяду і сістэму камандавання – гэта неабходна, гэта магчыма, гэта – даўно наспела», – кажа Патрык Шэнахан, намеснік міністра абароны ЗША.

У дакуменце, між іншага, адміністрацыя Трампа звяртае ўвагу на тое, што калі Амерыка ўвесь час змяншае колькасць зброі, Расея і Кітай робяць зусім наадварот.

«Тыя аналітыкі, які пісалі Агляд, лічаць, што Расея можа выкарыстаць абмежаваны ўдар ядравай зброяй у лакальным канфлікце для таго, каб завершыць яго на выгадных для сябе ўмовах», – кажа Аляксандр Гольц, «Ежедневный журнал».

На мове вайскоўцаў – гэта эскалацыя дзеля дээскалацыі, калі ядравай зброяй можна адказаць, напрыклад, на варожыя танкі. Расея была ўпэўненая, што Захад на тактычную ядравую ракету не адкажа стратэгічнай – гэта б азначала пачатак паўнавартаснай ядравай вайны. Цяпер жа Захад зможа дазволіць сабе выбраць зброю малой моцы любога адцення. А гэта – просты шлях да катастрофы, бо расейскія стратэгі не хаваюць таго, што на ядравую зброю малой моцы яны адкажуць стратэгічнымі ўдарамі.

«Гэтая палітыка прывядзе да абвастрэння сітуацыі – далей яны не будуць яе кантраляваць. Пачнецца самастойнае нарастанне напружанасці і далей – вайны. Першая сусветная вайна распачалася сама па сабе. Ніхто не хацеў», – кажа вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Напрыканцы студзеня ў Вашынгтоне эксперты ў ядравай бяспецы, як штогод, у алегарычнай форме прадэманстравалі ўзровень ядравай пагрозы на свеце – на прыкладзе стрэлак «гадзінніка Страшнага суда». У той самы дзень Уладзімір Пуцін знаёміўся ў Казані з мадэрнізаваным бамбавальнікам Ту-160.

«Гэта сур’ёзны крок у развіцці высокатэхналагічнай сферы і ва ўмацаванні абароназдольнасці краіны. Гэта адзін з элементаў нашай ядравай трыяды», – сказаў Пуцін.

Апроч стратэгічнай авіяцыі ў трыяду ўваходзяць міжкантынентальныя балістычныя ракеты і атамныя падводныя ракетаносцы. У трыяду не ўваходзіць, але пачынае граць не менш важную ролю гэтак званая ядравая зброя малой моцы.

«Злучаныя Штаты ўсё роўна збіраюцца мадэрнізаваць свае «Тамагаўкі», паставіўшы боегалоўкі малой моцы для развязання тактычных задачаў», – кажа вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Паводле амерыканскіх ядравікаў да ўмоўнае «поўначы» – імавернасці пачатку вайны – засталіся дзве хвіліны. Апошні раз столькі было ў 53-м. Але беларускія эксперты звяртаюць увагу на тое, што сітуацыя пачынае нагадваць больш блізкую эпоху.

«Я б ацаніў сітуацыю як роўную падзеям 1982–1983 гадоў, калі Злучаныя Штаты размясцілі ў Еўропе «Пэршынгі» і крылатыя ракеты наземнага базавання. А Расея ў адказ размясціла на тэрыторыі Беларусі ракетныя комплексы «Піянер», – мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Адрозненне ў тым, што цяпер у Беларусь Пуціну будзе нешта ўвесці цяжка. Лукашэнка разумее, што «Іскандэры», якія-кольвек новыя базы, аб’яднаная сістэма супрацьракетнай абароны – гэта ўсё ў выпадку вайны будзе знішчанае найперш.

«Аляксандр Рыгоравіч – цалкам самастойны кіраўнік. Калі ён кажа не – значыць, не», – кажа Аляксандр Гольц, «Ежедневный журнал».

Што не змяняе беларускае сітуацыі – даволі невясёлай.

«Калі яны пачнуць біцца міжсобку, мы будзем толькі полем падзення збітых самалётаў і ракетаў», – каментуе Аляксандр Алесін.

У выпадку такога канфлікту моцна атрымаюць усе краіны Усходняй Еўропы – да якога б вайсковага блоку яны ні належалі.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Глядзі таксама
Каментары