Беларусь у новай Халоднай вайне


Чым гарачэй супрацьстаянне між Захадам і Расеяй, тым больш небяспечным становіцца для нас ваенна-палітычны саюз Менску і Масквы. У Балтыйскім моры расейскі флот правёў запускі ракетаў, якія выклікалі занепакоенасць нашых суседзяў – Латвіі. Таксама ўвага заходніх медыяў да беларуска-расейскіх вучэнняў дэсантнікаў у Берасці, побач з польскай мяжой. І ўсё гэта ў напружанай атмасферы пасля сінхроннай высылкі расейскіх дыпламатаў у Маскву.

У Маскве вынайшлі і выпрабавалі палітычную машыну часу. Усё кіраўніцтва Расеі вярнулася ў савецкае мінулае. Былыя афіцэры КДБ дасталі з бліскучых партфеляў старыя партыйныя занатоўкі і кажуць тыя самыя словы ў тым жа стылі, што і гадоў 40 таму: пра Халодную вайну і гонку ўзбраенняў. Вінаваты, канешне, Захад.

Вось гэта – заява Сяргея Нарышкіна, дырэктара Службы вонкавай выведкі Расеі на канферэнцыі міжнароднай бяспекі, што прайшла ў Маскве 4-5 красавіка:

«Барацьба з неіснуючай так званай «расейскай пагрозай» стала сапраўднай ідэяй-фікс палітыкі Вашынгтона. Яна дасягнула такіх памераў і прыняла такія дзіўныя рысы, што самы час казаць пра вяртанне змрочных часоў Халоднай вайны».

А міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу празрыста намякнуў, што дэманстрацыя ваеннай сілы можа прывесці да інцыдэнтаў ці нават узброенага канфлікту.

«Прэтэнзіі асобных краінаў на выключнасць падштурхоўваюць да новай гонкі ўзбраенняў. На фоне гэтага ўзмацняецца антырасейская рыторыка, актывізуецца варожая ваенная дзейнасць ля нашых межаў», – паведаміў Шайгу ўдзельнікам канферэнцыі, сярод якіх быў і міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

Адначасова з канферэнцыяй міжнароднай бяспекі Расея правяла вучэнні ў Балтыйскім моры. З баявымі ракетамі, у 40 км ад берагу Латвіі. Афіцыйная Рыга назвала гэтыя вучэнні дэманстрацыяй сілы. Ракетныя пускі вымусілі Латвію зачыніць частку паветранай прасторы на 3 дні, а Швецыю – абмежаваць марскія перавозкі. Вучэнні адбыліся якраз пасля таго, як Нямеччына пагадзілася на пабудову трубаправоду «Паўночная плынь – 2», крытычна важнага для расейскага ўплыву на рэгіён. Супраць выступалі менавіта Латвія, Літва і Польшча.

У блоку НАТО дзеянні Расеі ўспрымаюць сур’ёзна – ад анексіі Крыму да спробы забіць Сяргея Скрыпаля ў Вялікай Брытаніі. Але поўная ізаляцыя Масквы нікому не выгодная, заявіў генеральны сакратар Паўночнага Альянсу.

«Мы будзем працягваць працаваць над кантролем узбраенняў, перадухіляць новую Халодную вайну, пазбягаць гонкі ўзбраенняў і працягваць працаваць над палітычным дыялогам з Расеяй. Бо НАТО – абарончы альянс, нашая мэта – захаваць мір», – заявіў Енс Стольтэнбэрг. Разам з тым ён анансаваў нарошчванне ВМФ НАТО ў Арктыцы ў адказ на дзеянні расейскага боку.

Пра неабходнасць узмацніць Арктыку казаў і галоўнакамандуючы сіламі НАТО ў Еўропе Кёрціс Скапароцці. Генерал якраз наведваў шматнацыянальныя батальёны НАТО ў Польшчы, Літве, Латвіі ды Эстоніі. Размешчаныя там дадатковыя сілы – па 1 тысячы жаўнераў у кожнай з краінаў – у некалькі разоў меншыя, чым мае Расея на сваіх заходніх межах. Толькі вайсковым аспектам новае супрацьстаянне не абмяжоўваецца.

«У ваенным сэнсе – гатоўнасць, натрэніраванасць, размяшчэнне сілаў у рэгіёне – справы ідуць добра. Але з грамадскага боку – як Расея працуе з прэсай, з інфармацыяй, з суполкамі суайчыннікаў і недзяржаўнымі арганізацыямі – тут цяжэй, – кажа эксперт у інфармацыйных пагрозах Молі Маккю, – Я лічу, што мы надаем недастаткова ўвагі расейскаму ўплыву на ўсю палітычную сістэму Еўропы і Злучаных Штатаў».

Такога ж меркавання прытрымліваецца і былы дырэктар па Расеі ў Радзе нацыянальнай бяспекі ЗША ў адміністрацыі Барака Абамы.

«Метады, якімі дзейнічае Расея, насамрэч заўважныя ў большасці краінаў. У нас у Злучаных Штатах было ўмяшальніцтва ў выбары, гэтаксама, як і ў Нямеччыне, у Францыі, – распавёў «Белсату» Джэфры Эдмандс, – Расея прыхавана падтрымлівала сепаратысцкі рух у Каталоніі. Праводзіла разбуральныя пагадненні ў энергетычным сектары ў Балтыйскім рэгіёне».

Злучаныя Штаты гатовыя да большай дапамогі балтыйскім саюзнікам у энергетычным сектары. 4 красавіка прэзідэнты Эстоніі, Літвы і Латвіі сустрэліся з Доналдам Трампам у Белым Доме. Сярод іншага, быў падпісаны мемарандум аб узаемнай супрацы між літоўскай і амерыканскай кампаніямі-аператарамі тэрміналаў звадкаванага газу. Усё, каб скончыць манаполію «Газпрома» ў рэгіёне.

Але Беларусі гэта не датычыцца. Нашая краіна для Захаду – ваенна-палітычны саюзнік Расеі з абмежаванымі магчымасцямі.

«Не ведаю, ці можна назваць Беларусь інструментам гібрыднай вайны Расеі супраць Захаду. Відавочна гэта краіны-саюзнікі ў ваеннай інфраструктуры, – кажа Джэфры Эдмандс, – Мяркую, Расея будзе пераследваць Беларусі так, як пераследуе Украіну, у выпадку, калі Беларусь будзе моцна пераарыентоўвацца на Захад. Але пакуль гэтага не адбываецца».

Як пацверджанне – у Берасці праходзяць вучэнні з удзелам пскоўскіх дэсантнікаў, да якіх нядаўна ездзілі нашыя вайскоўцы з Сілаў спецыяльных аперацыяў. Калісьці звычайныя і малацікавыя суседзям вайсковыя практыкаванні сёння прыцягваюць увагу заходніх медыяў, з абавязковым узгадаваннем вучэнняў «Захад-2017».

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінай Коўшык

Стужка навінаў