Беларус ў Ніцы пра дапамогу з боку МЗС пасля тэракту: «Усё вырашыў Фэйсбук»


Беларусы, якія апынуліся ў Ніцы падчас тэракту, звярнуліся па дапамогу да МЗС і «Белавіі», але ніякага падтрымання не атрымалі. Дзяржава вырашыла дапамагчы сваім грамадзянам пасля таго, як Азоў распавёў гісторыю ў «Фэйсбуку». 

Аркадзь Азоў праводзіць з сям’ёй адпачынак у Францыі, у 4-х кіламетрах ад Ніцы. Учора беларусы вырашылі паглядзець на святочны салют з нагоды Дня ўзяцця Бастыліі.

«Учора патрапілі пад абстрэл у Ніцы каля 22:30. Пачулі стрэлы, і натоўп пабег (была паніка), жонка ўпала, я з дзіцем на руках – апісвае першыя хвіліны тэракту Аркадзь Азоў у сваім «Фэйсбуку».[/vc_column_text][vc_column_text]

[/vc_column_text][vc_column_text]«Хацелі памяняць квіткі ў «Белавіі», апісалі сітуацыю, нам сказалі, што трэба аплаціць штраф за перанос даты квіткоў. Скончыліся грошы на трох тэлефонах «Вэлком». Сваякі ў Менску напісалі заяву ў «Белавія» – толькі ў панядзелак скажуць, ці магчымы перанос. Расейцы скупляюць квіткі, і ў панядзелак, думаю, квіткоў не будзе», – піша Аркадзь.

«Дзякуй аўстрыйцу, які пусціў дзіцяці пераначаваць, дзякуй персаналу гатэля. І асобнае фееее нашым беларускім службам. Больш чэрствага стаўлення да сваіх суайчыннікаў, якія трапілі ў бяду, ад нашых чыноўнікаў мы не сустракалі», – падсумаваў беларус учорашні досвед.

Праз некалькі гадзінаў пасля публікацыі Аркадзь адзначае у каментарах, што «дзякуючы дапамозе добрых людзей удалося перааформіць квіткі «Белавія».

У размове з «Белсатам» авіякампанія пацвердзіла, што білеты Аркадзю Азову памянялі, а кіраўніцтва кампаніі прыняло рашэнне мяняць білеты на рэйсы з Францыі без штрафу і дадатковых коштаў на працягу месяца.

«Квіткі нам памяняў Чаргінец. Я нават не ведаю з чыёй падачы але яму многія пісалі пра нас. Крыху пазней для ўсіх з’явіліся квіткі і бясплатная замена даты», – сказаў Азоў у размове з «Белсатам».

Вялікую ролю адыгралі, імаверна, сацыяльныя сеткі: у каментарах пад публікацыяў Азава карыстальнікі звярталіся з просьбай дапамагчы непасрэдна да дырэктара беларускага перавозчыка.[/vc_column_text][vc_column_text]

Консульска-прававая служба МЗС у размове з «Белсатам» паведаміла, што таксама прасіла нацыянальнага перавозчыка дапамагчы пасажырам, якія цяпер у Францыі.

На пытанне, колькі чалавек агулам звярнулася да іх па дапамогу, працаўнік міністэрства сказаў, што «непасрэдна да МЗС – ніводнага, у беларускую амбасаду ў Францыі – адзін». На пытанне, чаму амбасада не дапамагла Аркадзю Азову, консул сказаў, што ўжо «займаюцца ягонай справай».

«Усё вырашыў «Фэйсбук» я не чакаў такога рэзанансу», – каментуе Азоў рашэнне МЗС.

Тэракты ў Заходняй Еўропе здараюцца ўсё часцей, але «Белавія» пакуль не мае інструкцыяў, што рабіць са сваймі пасажырамі, якія выпадкова патрапілі ў гарачую кропку.

«Мы ўпершыню сутыкаемся з такой сітуацыяй», – пракаментавалі нам здарэнне са спадаром Азавым. Паводле апошніх звестак, ахвярамі тэракту ў Ніцы сталі 84 чалавекі, не менш за 150 параненыя, з іх 18 – у крытычным стане, 31 – у цяжкім.

Французскія ўлады кваліфікавалі здарэнне як тэракт. Ніца апусцела: у горадзе працуюць следчыя, паліцыя просіць не выходзіць жыхароў і гасцей гораду з дамоў і гатэляў, пакуль трывае адмысловая аперацыя.

14 ліпеня ўся Францыя адзначае Дзень узяцця Бастыліі, у сталіцы праводзіцца вайсковы парад, ува ўсіх гарадах ладзяцца святочныя салюты.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў