Беларусі прысвечаны нумар буйнога польскага часопіса


Пра краіну «двайных нацыянальных сімвалаў, несіметрычнага сацыяльнага падзелу, траўматычнай гісторыі, і, нарэшце, недаацэненай, бо невядомай культуры» – у лістападаўскім нумары польскага штомесячніка «Знак».

На вокладку свежага нумару кракаўскага часопісу «Знак» трапіла беларуская мапа. Наагул, выданне ставіцца да дызайну вокладкі вельмі сур’ёзна: летась адзін з нумароў «Знаку» перамог у польскім конкурсе вокладак «GrandFront» у катэгорыі грамадска-палітычных выданняў.

Часопіс – адзін са старэйшых у Польшчы, выдаецца з 1946 года, піша на палітычныя, сацыяльныя, рэлігійныя і культурніцкія тэмы.

Апошні нумар прысвечаны нашай краіне. З якімі праблемамі ідэнтычнасці змагаецца беларускае грамадства? Ці мажлівае існаванне Беларусі без Расеі? Пра што сведчаць праблемы нацыянальнай мовы? Якое бачанне гісторыі паказвае беларуская анімацыя?

На старонкі«беларускага «Знаку» трапілі матэрыялы беларускіх і польскіх аўтараў: Андрэя Мушчыньскага («На лукавіне я бачу дубраву»), Сяргея Харэўскага («Беларусь. Часовае знаходжанне»), Нэлі Бекус («Парадоксы постсавецкай гібрыдызацыі«) і Андрэя Расінскага («Аніма Беларусь»).

«Сучасная Беларусь – як напісаў паэт Андрэй Хадановіч – «краіна ў скразняках Еўропы ». Многія лічаць яго фарпостам Расеі, краіну рэжыму, чыім тварам з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка – аб’яўляе рэдакцыя лістападаўскі і ўжо даступны для продажу нумар «Знаку». – Між тым, гэта краіна двайных нацыянальных сімвалаў, несіметрычнага сацыяльнага падзелу, траўматычнай гісторыі, і, нарэшце, недаацэненай, бо невядомай культуры».

ЦГ, belsat.eu/pl

Стужка навінаў