Беларус «Сябро» ваюе на перадавой пад Данецкам


У прыгарадзе Данецку, у вёсцы Пескі, што месціцца каля разбуранага данецкага аэрапорту, працягваюцца зацятыя баі паміж украінскімі вайскоўцамі і прарасейскімі сепаратыстамі.

Украінскі тэлеканал «1+1» у рэпартажы з перадавой паведамляе, што ў складзе добраахвотніцкага корпусу «Правага сектару» тут ваюе беларус з пазыўным «Сябро», інфармуе радыё «Свабода».

«Я напалову ўкраінец, у мяне мама ўкраінка, таму ў мяне баліць сэрца за тое, што тут адбываецца, за тое, што тут робіць Расея. Таму я тут… Я не разумею, якія дамоўленасці могуць быць з тэрарыстамі?» – зазначыў Сябро ў інтэрвю тэлеканалу «1+1», пры гэтым ён хаваў свой твар балаклавай.

Сваё інтэрвю ён заканчвае словамі: «Жыве Беларусь! Слава Украіне!»

Тэлеканал паведамляе, што ў Пясках з боку сепаратыстаў адбываюцца артылерыйскія абстрэлы, ідуць жорсткія баі, якія пераходзяць нават у рукапашную. На гэтым участку фронту раней можна было заўважыць бел-чырвона-белы сцяг.

МЯ, паводле svaboda.org

Стужка навінаў