Сімуляцыя польскіх экспертаў: 2028 год – Беларусь страціць самастойнасць, а Расея атакуе Польшчу з Берасця


Польшча стварае чацвёртую дывізію сухапутных войскаў. Як вынікае з сімуляцыі, якую прэзентаваў партал «Defence24.pl», гаворка ідзе перадусім пра абарону ад атакі з… берасцейскага кірунку. Для варшаўскіх стратэгаў праз дзесяць гадоў самастойнай Беларусі можа ўжо не быць.

Колькі каштуе польская дывізія? Залежыць ад таго, якая дывізія і якія мае задачы, адказваюць польскія генералы. Варшава плануе стварыць чацвёртую ў польскай арміі, механізаваную дывізію аперацыйных войскаў. Яе мэта – абарона ад паўнавартаснага масіраванага ўдару з нашай тэрыторыі

«Польскае войска мусіць пратрымацца да прыходу значных сілаў хаўруснікаў. То бок мы разумеем, што Польшча не ў стане самастойна абараніцца перад такою атакай, але мусіць пратрымацца пэўны час», – кажа аналітык парталу «Defence24.pl» Анджэй Гладзій.

Польшча – самая вялікая дзяржава НАТО на ўсходняй мяжы Альянсу, якая інвестуе 2 % ВУП у абарону. Стварэнне новай дывізіі можа каштаваць да трыццаці мільярдаў долараў. Пры тым, што гадавы бюджэт польскае арміі на сёлета складае каля 12 мільярдаў. На тэрыторыі нашай суседкі амаль тры тысячы жаўнераў-саюзнікаў. Аднак узгадваючы гісторыю, Варшава не хоча спадзявацца выключна на іх.

«Я ўсведамляю, што нягледзячы на ўсе падпісаныя дамоўленасці, ніхто не будзе нас бараніць. Мы ўжо праходзілі гэта ў нашае гісторыі – такі сцэнар. Мы павінныя самыя ўзмацняць свае абарончыя здольнасці!», – заявіў міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак на Міжнародным Салоне абароннай прамысловасці ў г. Кельцы, дзе прэзентавалі вынікі сімуляцыі.

Гісторыя прасочваецца і ў даце афіцыйнага адкрыцця штабу будучай дывізіі ў горадзе Седльцы. 17 верасня – у гадавіну ўварвання савецкіх войскаў у 1939 годзе ў Польшчу, якая на той момант ужо больш за 2 тыдні баранілася ад немцаў.

«Польша мусіць быць гатовая да найгоршага сцэнару – то бок класічнага вайсковага канфлікту, з ужываннем вялікай колькасці танкаў і артылерыі, але таксама гэтая чацвёртая дывізія мусіць быць у стане адказаць на ўсе пагрозы меншага ўзроўню – баевікоў, нейкі гібрыдны канфлікт», – адзначае Анджэй Гладзій.

У Варшаве мяркуюць, што ці не асноўны кірунак, адкуль можа прыйсці галоўная частка вайсковага ўдару, – Берасце. Сёння на шляху такой атакі стаіць толькі адная механізаваная брыгада пад Варшаваю. Уласна яна і стане падмуркам новай дывізіі. Расейскія адмыслоўцы абураюцца.

«Трэба разумець, што Расея – паўнавартасная дзяржава, усё, што трэба, у нас ёсць. Навошта нам Польшча? Чаго мы там не бачылі? Буры вугаль? У нас няма такіх мэтаў, у нас няма экспансіянісцкай палітыкі. Нашая вайсковая дактрына – абарончая!», – запэўнівае вайсковы аналітык з Масквы Віктар Літоўкін.

У Варшаве ж глядзяць на прыклады Грузіі ды суседняй Украіны і Крамлю не давяраюць.

Паводле шэрагу праведзеных адмыслоўцамі «Defence24» сімуляцыяў, новая дывізія пад Варшаваю дала б шанец пратрымацца да прыходу дапамогі альянсу. Але нават пры такім раскладзе значная частка сцэнароў сканчвалася паразаю. Пры гэтым сімуляцыя разлічаная на 2028 год. Выглядае на тое, што заходнія адмыслоўцы ўвогуле не разглядаюць Менск як самастойнага гульца ў больш адлеглай будучыні.

«Наш сцэнар разглядае напад з боку Расейскай Федэрацыі, ну, бо ў Польшчы ёсць вялікае занепакаенне адносна ўтрымання Беларуссю незалежнасці ў даўжэйшай перспектыве. Ужо цяпер Расея і Беларусь вельмі блізка супрацоўнічаюць. А ў выпадку крызісу Беларусь можа проста не быць у стане адмовіць Расеі», – адзначае Анджэй Гладзій.

Пакуль што афіцыйны Менск ужо аднойчы адмовіўся ад зʼяўлення расейскай авіябазы. Расейскія адмыслоўцы паціскаюць плячыма, база не перашкодзіць, але пакуль што залежыць не ад Крамля.

«Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі… скажам так, мякчэй, ад ягонага настрою залежыць. Калісьці Аляксандр Рыгоравіч хацеў узмацніць дачыненні з Расеяй, цяпер хоча ўзмацніць дачыненні з Еўрапейскім Звязам. Ягоны настрой змяняецца: ад цаны на расейскі газ, на расейскую нафту», – кажа Літоўкін.

Каб не залежыць ад настрояў на Захадзе ды Усходзе, Варшава робіць стаўку ў першую чаргу на ўласныя сілы. Польшча стварае новы род войскаў – Тэрытарыяльную абарону, а міністр Мар’юш Блашчак ужо заявіў, што і чатыры дывізіі – гэта ўсё яшчэ замала.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Яшчэ ў праграме:

 

Стужка навінаў