Беларусь страціла на экспарце тавараў у Расею амаль $ 1 млрд


Паводле прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, цяпер у планах ураду дамагчыся аб’ёму экспарту ў $ 5 млрд на іншыя рынкі – Лацінскую і Паўночную Амерыкі, Інданезію, Індыю і Кітай. Пра гэта чыноўнік заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».

Агулам у якасці перспектыўных вызначаныя рынкі 56 дзяржаваў. У гэтыя краіны за студзень-люты 2015 года Беларусь накіравала тавараў на $ 107 млн больш, чымся ў 2014 годзе. Таксама Кабякоў заявіў пра планы ўраду ажыццяўляць жорсткую палітыку ў крэдытна-грашовай сферы з мэтаю дасягнення прагназаваных валютных курсаў і прымальнага ўзроўню інфляцыі.

Беларускі экспарт у Расею перастае быць прыбытковым праз абясцэньванне расейскага рубля, які з сярэдзіны мінулага года патаннеў прыкладна на 45 %. Гэты спад асабліва адчулі беларускія заводы перапрацоўкі нафты.

Праз нізкія кошты на расейскім рынку экспарт беларускіх нафтапрадуктаў за студзень-люты 2015 года скараціўся ўдвая. У красавіку беларускія нафтатрэйдары пастанавілі спыніць пастаўкі паліва ў Расею, бо кошт на яго праз дэвальвацыю расейскага рубля стаў ніжэйшы, чымся сярэднееўрапейскі.

У сваім апошнім звароце да народу Аляксандр Лукашэнка прызнаў адмоўны ўплыў антырасейскіх санкцыяў на эканамічны стан Беларусі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў